Беларусы хацелі адкрыць «налівайку» ў Варшаве, а стварылі культавы бар
- 6.12.2023, 17:32
Сёння роўна чатыры гады пабу Beer Station, які стаў месцам збору беларусаў.
Роўна чатыры гады таму беларусы адкрылі ў Варшаве паб Beer Station. На сёння гэта ўжо сетка пабаў, знаёмая многім. У Beer Station праходзяць канцэрты беларускіх музыкаў, выступы стэндапераў і іншыя мерапрыемствы.
Як нарадзілася ідэя адкрыць паб? Ці ўмеюць беларусы піць? Пра гэта і многае іншае сайт Charter97.org пагутарыў з адным з заснавальнікаў сеткі Андрэем Альшэўскім.
– Вы адчыніліся 6 снежня 2019-га года, калі ў Варшаве было яшчэ не так шмат беларускіх месцаў. Як гэта было чатыры гады таму?
– Шчыра кажучы, гэта была спантанная ідэя. На той момант я яшчэ працаваў у Менску, а мой напарнік Аляксандр Паўловіч блізу трох гадоў жыў у Польшчы, з'ехаўшы праз «карту паляка».
Неяк ён прыехаў у Менск, мы сустрэліся і сядзелі размаўлялі з ім на кухні. Ён расказваў пра складанае жыццё эмігранта, гаварыў, што няма падтрымкі, цяжкая праца. Тады я прапанаваў Сашу адкрыць нешта сваё. Паўстала пытанне, што менавіта, а мы якраз сядзелі і пілі піва.
У Менску ў кожным раёне ёсць куча «наліваек». У выніку ў галаву прыйшла ідэя адкрыць бар з разліўным крафтавым півам. Менавіта без моцнага алкаголю, з прасоўваннем культуры піцця піва, зносінаў за куфлем.
Пазней Саша з'ехаў, а праз тыдзень тэлефануе з пытаннем: «Дык што, памяшканне шукаць?» Я яму: «Ну, шукай». Адступаць я не прывык. Адразу скажу, што ў нас былі нулявыя веды ў гэтым кірунку. Інфармацыю шукалі ў сеціве.
Працэс пачаўся, Саша хутка знайшоў памяшканне. Наш першы Beer Station адкрыўся на варшаўскай Празе. Мы многае ў ім рабілі сваімі рукамі, у тым ліку – усю мэблю і барную стойку. На жаль, днямі там прайшла развітальная вечарынка. Па адрасе Kępna, 15 мы зачыніліся, але адразу скажу, што ўжо знайшлі новае памяшканне пад бар.
Метадам спробаў і памылак з бара на Kępnej наша гісторыя і пачалася.
– Потым грымнуў каранавірус. Як вы яго перажылі?
– Так, мы адчыніліся ў снежні, а праз два месяцы зачыніліся. Мы здолелі перажыць пандэмію дзякуючы продажу разліўнога піва з сабой. У барах сядзець было нельга, але чалавек мог прыйсці, выбраць піва і пайсці з пакупкай. Мы стараліся выжыць.
Была падтрымка і разавая дапамога ад польскай дзяржавы.
– У вас ужо цэлая сетка бараў. Як вы пашыраліся?
– Калі ў 2020-м годзе былі пратэсты, мы пастанавілі, што трэба аб'ядноўваць нашых людзей. Пачало прыязджаць усё больш беларусаў. Хтосьці шукаў жыллё ці працу, а хтосьці прапанаваў. Людзі сталі дапамагаць адно аднаму, знаёміцца.
Многія хлопцы, якія пазнаёміліся ў той час у нашым бары, сябруюць да гэтага часу. Ёсць і пара, якая пазнаёміўшыся ў нашым бары, узяла шлюб.
Бар, які быў у нас на Празе, ён невялікі – блізу 60 квадратаў. Ён не прымеркаваны для канцэртаў, хоць калі мы пачыналі пасля ковіду, то ў нас выступалі і Лявон Вольскі, і Зміцер Вайцюшкевіч, і Аляксандр Памідораў.
Мы з Сашам паглядзелі, што нам цесна ў адным бары і трэба ісці далей, развівацца, таму што так удвух мы можам стаяць за стойкай вельмі доўга. Урэшце гэта ўсё можа і згаснуць.
Мы надумалі шукаць месца ў цэнтры з вялікай праходнасцю. У адзін момант я сеў за кампутар глядзець, а ў мяне выскачыла прапанова пра памяшканне на вуліцы Lwowska, 17. Я яго заўважыў, пачаў глядзець далей – зноў выскоквае ўжо на іншым сайце. На чатырох сайтах глядзеў – і ўсюды выскоквала гэтая прапанова. Тады ў мяне ёкнула, што гэта, напэўна, лёс.
На наступны дзень мы патэлефанавалі па нумары з аб'явы, дамовіліся пра сустрэчу. Размова ішла моташна і цяжка. На той момант бар арандаваў гішпанец. Ён не размаўляў па-польску, а толькі па-ангельску. Нам дапамагала з перакладам дзяўчына Аляксандра Эва. Скажу, што нам увогуле вельмі шмат людзі дапамагае. Імкнуцца ўнесці сваё ўкладанне ў развіццё бара. Як я кажу, усе мы адна Beer Station Family.
Памяшканне мы арандавалі, справы на Львоўскай пайшлі добра, яна стрэліла. Там праходнасць велізарная. Вялікая плошча дазволіла пачаць арганізоўваць канцэрты.
Мы бясплатна давалі пляцоўку, каб нашы хлопцы праводзілі канцэрты ў падтрымку Украіны, калі пачалася вайна. Мы збіралі грошы, на якія набывалі медыкаменты для байцоў. Мы былі на сувязі з хлопцамі на фронце. Яны нам гаварылі, што ім неабходна – і мы адпраўлялі ім гэта ва Украіну. Праходзяць у нас і мерапрыемствы ў падтрымку беларусаў.
Увогуле, Львоўская стрэліла сапраўды добра. Паколькі гэта цэнтр Варшавы, дык туды прыходзілі ўжо шмат нашых. Скажу, што сярод беларусаў нават існуе меркаванне: «Куды ж пойдзем? Ну, вядома ж, у наш бар. Падтрымаем нашых!»
Потым з'явіўся і трэці бар у мікрараёне Урсынаў. У Беларусі «налівайкі» часта размешчаны ў спальных раёнах. Людзі ў цэнтры патусілі, а дадому едуць піўка выпіць, пасядзець у бары. Вось і нам стала цікава адкрыцца ў спальным раёне Варшавы. Так мы з'явіліся на Урсынуве, але больш у канцэпцыі бар-рэстаран.
Там таксама стараемся праводзіць кірмашы, квізы, спрабуем запускаць і стэндапы. З самага пачатку ў нас была канцэпцыя, каб зрабіць не проста бар са спажываннем алкаголю, а каб гэта было душэўна.
Ведаеце, я часта бачыў, калі чалавек прыходзіў у бар адзін, сядзеў разгублены. У яго пытаешся, а колькі ты тут? «Два дні, нікога не ведаю, нічога няма». Кажу, прыходзь увечары, будуць людзі, пазнаёмішся. Прыходзілі, размаўлялі, знаёміліся, знаходзілі працу, жыллё, сяброў. Нашмат прасцей, калі побач з табой нехта ёсць.
– Ці ходзяць у вашыя бары палякі?
– Ходзяць. У нас ёсць шмат сяброў сярод палякаў, якія падтрымліваюць нас з самага пачатку. Самае цікавае, што іх робіцца ўсё больш і больш.
У кожным бары ў нас 12 кранаў з крафтавым півам. Можна пасядзець, паразмаўляць, выпіць піва, і палякам гэта вельмі падабаецца. Яны нават прызначаюць бізнэсовыя сустрэчы ў нашых барах. Бывае, што прыходзяць з фірмаў, бранююць столікі, сядзяць чатыры гадзіны, размаўляюць, п'юць піва. Увогуле, цяпер у адсоткавых суадносінах да нас ходзіць 50 на 50. Раней было 80 адсоткаў беларусаў і 20 – палякаў.
Многім палякам цікавая беларуская культура і Беларусь у цэлым як краіна, якая знаходзіцца побач.
– Андрэй, а ці ўмеюць беларусы піць?
– Мяркую, што так. Умеюць і вельмі добра. У нашых барах мала хто п'е так, каб ужо на нагах не стаяць.
– У будынку, дзе знаходзілася камуністычная партыя Польшчы, цяпер шмат бараў. Ці гатовыя вы адчыніць бар у якім-небудзь пікантным месцы ў Беларусі. У будынку КДБ, напрыклад?
– Цікавае пытанне (смяецца – заўв.). Не ведаю, ці гатовыя мы адкрыць у Беларусі. Мне здаецца, што гэта крыху іншая гісторыя будзе. У Варшаве цяпер мы цікавыя, важныя, запатрабаваныя ў плане нашых людзей. У Беларусі мы можам проста згубіцца. Хоць, чым чорт не жартуе.