BE RU EN

У РФ прапанавалі ўвесці «падатак на вайну»

  • 6.12.2023, 20:15

Палітык Сяргей Міронаў накіраваў ліст прэм'еру РФ Міхаілу Мішусціну.

Старшыня партыі «Справядлівая Расея» Сяргей Міронаў прапанаваў абкладаць падаткам адсоткі на ўкладах расейцаў, устанавіўшы базу, з якой разлічваюць падатак, на ўзроўні 5 млн рублёў. Адпаведны ліст ён накіраваў прэм'еру РФ Міхаілу Мішусціну.

У 2021 і 2022 гадах у дачыненні да фізічных асобаў у Расеі дзейнічала падатковая льгота: іх вызвалялі ад падатку на адсоткі з укладаў у расейскіх банках, атрыманыя ў гэты перыяд. Да гэтага падатак даводзілася плаціць грамадзянам, чый прыбытак на ўкладах за год перавышаў пэўны ліміт. Яго разлічвалі наступным чынам: 1 млн рублёў памнажалі на максімальнае значэнне ключавой стаўкі ЦБ за год, у якім чалавек атрымаў прыбытак. З адсоткавага прыбытку, які перавышае гэтую суму, трэба было заплаціць ПДФА. Міронаў прапануе з 2023 года аднавіць збор падатку, але разлічваць яго па-іншаму: браць у якасці асновы не 1 млн рублёў, а 5 млн рублёў.

Вяртанне падатку з ранейшай разліковай базай прывядзе да панікі і ўскладніць працу банкаў, непакоіцца парламентарый. «Беручы да ўвагі, што ў гэтай сітуацыі прыбыткі ад банкаўскіх укладаў могуць не пакрыць узровень інфляцыі, людзі могуць пачаць масава здымаць сродкі са сваіх рахункаў. У сутнасці, гэта будзе азначаць канфіскацыю значнай грашовай масы з эканомікі Расейскай Федэрацыі», – дадаў палітык.

Пераглядаючы падатковую палітыку, расейскія ўлады спрабуюць папоўніць федэральны бюджэт, траціна якога сыходзіць на вайну. Да сярэдзіны года казна вычарпала ўсе закладзеныя на войска сродкі, і ў жніўні прэзідэнт Уладзімір Пуцін абклаў бізнэс «падаткам на звышпрыбытак». Цяпер расейскія кампаніі, якія зарабілі ў 2021–2022 гг. больш за 1 млрд рублёў, будуць абавязаныя заплаціць 10% ад сумы, на якую іх прыбытак перавысіў лічбы 2018–2019 гадоў. Пры добраахвотнай выплаце ў тэрмін да 30 лістапада гэтага года стаўка падатку зніжаецца да 5%. Пры гэтым нафтагазавыя карпарацыі, нафтаперапрацоўчы бізнэс, аграрыі, вугальнікі, вытворцы ЗПГ, а таксама малы бізнэс гэты падатак плаціць не павінны.

Віцэ-прэм'ер РФ Андрэй Белавусаў заяўляў, што бізнэс сам папрасіў увесці «падатак на вайну», але кіраўнік Расейскага звязу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РЗПП) Аляксандр Шохін аспрэчыў гэта.

Апошнія навіны