Вікіпедыя апублікавала спіс найбольш наведвальных старонак у 2023 годзе
- 6.12.2023, 20:48
Вялікі ўплыў на спіс зрабіла аўдыторыя Індыі і Паўднёва-Усходняй Азіі.
Паводле звестак некамерцыйнага Фонду Wikimedia, Вікіпедыя атрымала больш за 84 мільярды праглядаў старонак у 2023 годзе. Пра гэта паведамляе CNN.
Беручы да ўвагі вялікі ўсплёск папулярнасці, старонка пра віртуальны чат-бот ChatGPT ад OpenAI стала самай папулярнай старонкай у Вікіпедыі сёлета, сабраўшы больш за 49,4 мільёна праглядаў. У лютым сёлета ChatGPT паставіў рэкорд за самы хуткі рост карыстальніцкай базы, сабраўшы 100 мільёнаў актыўных карыстальнікаў у студзені.
Таксама ў пяцёрку лідараў увайшлі біяграфіі пра людзей, якія памерлі ў 2023 годзе (больш за 42 млн праглядаў), чэмпіянат свету ў крыкеце 2023 года (больш за 38 млн), Індыйская прэм'ер-ліга (больш за 32 млн) і фільм «Опенгеймер» (больш за 28 млн).
У астатнім спіс быў напоўнены ўплывовымі фігурамі са свету спорту, забаваў і бізнэсу. Сярод іншых, гэта Тэйлар Свіфт, Ілан Маск і Ліянэль Месі.
Акрамя таго, інфармацыя пра вайну ў Газе, звесткі пра расейскае ўварванне ва Украіну атрымалі блізу 12,8 мільёна праглядаў у Вікіпедыі.
Апошні ў спісе Эндру Тэйт, абвінавачаны ў згвалтаванні і гандлі людзьмі ў Румыніі. Ягоная старонка атрымала больш за 12,7 мільёна праглядаў.
Трэба заўважыць, што аўдыторыя Індыі і Паўднёва-Усходняй Азіі моцна паўплывала на спіс 2023 года, паколькі пятая частка спісу складалася з медыя гэтага рэгіёну і самой Індыі. Цяпер у Індыі налічваецца блізу 4700 актыўных англамоўных рэдактараў-валанцёраў Вікіпедыі, у гэтым паказніку краіна саступае толькі ЗША і Вялікай Брытаніі.