BE RU EN

Лукашысты прыйшлі з ператрусам да журналіста Барыса Вырвіча

  • 6.12.2023, 21:29

Самога Вырвіча адвезлі на допыт, але пазней адпусцілі.

У Бялыніцкім раёне сілавікі прыйшлі з ператрусам да незалежнага журналіста і былога шэф-рэдактара партала 6ТV.bу Барыса Вырвіча, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Паводле звестак праваабаронцаў, сілавікі забралі ўсю кампутарную тэхніку і мабільныя тэлефоны, а самога Вырвіча адвезлі на допыт, але пазней адпусцілі.

«Магчыма, дзеянні сілавікоў звязаныя з парталам 6TV Bielarus, які пастановай КДБ ад 5 снежня быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”. У пастанове фігуруюць прозвішчы людзей, якія нібыта маюць дачыненне да праекту», – пішуць праваабаронцы.

Нагадаем, 13 ліпеня 2021 года ў рэдакцыі 6ТV.by сілавікі правялі ператрус, пасля якога забралі ўсю тэхніку. Праз два тыдні з ператрусам у межах «крымінальнай справы аб тэрарызме» прыйшлі на месца жыхарства шэф-рэдактара партала Барыса Вырвіча.

Журналіст тады расказаў, што яго адвезлі ў Шклоўскі міжрайаддзел КДБ у якасці сведкі паводле крымінальнай справы. Сілавікоў цікавілі дэструкцыйныя тэлеграм-каналы, сайт 6ТV.by і дзейнасць Беларускай асацыяцыі журналістаў. Таксама ад яго патрабавалі выдаліць сайт 6ТV.by.

Апошнія навіны