BE RU EN

На Берасцейшчыне жанчына адпрацавала даяркай 27 гадоў, але не змагла выйсці на льготную пенсію

  • 6.12.2023, 21:42

Прадпрыемства «згубіла» патрэбныя дакументы.

Алена Белая з Івацэвіцкага раёна адпрацавала аператаркай машыннага даення больш за 27 гадоў. Гэтым летам ёй споўнілася 53 гады. Яна ўжо магла выйсці на пенсію – праз працу з асаблівымі ўмовамі. Але жанчыну чакаў непрыемны сюрпрыз, расказалі ў Федэрацыі прафзвязаў.

Алена Белая даіла кароваў з 1996 года. Складаныя ўмовы працы адбіліся на здароўе, цяпер яна жыве на ўколах – баляць ногі. Таму і чакала сваіх 53 гадоў, каб выйсці на льготную пенсію.

Калі летам Алена пачала рыхтаваць дакументы, высветліла, што ў калгасе няма папераў, якія пацвярджаюць норму абслугоўвання жывёлы. А гэта адна з умоваў прызначэння такой пенсіі.

У райвыканкаме ў афармленні пенсіі адмовілі. Жанчына звярнулася ў прафзвяз, там падрыхтавалі пазоў да ААТ «Падстарынь» – гэта правапераемнік калгаса «Бальшавік», які не захаваў важныя для працаўніцы дакументы.

На 1 лістапада 2023 года матэрыяльныя страты, нанесеныя Алене Белай памерам неатрыманай ёю пенсіі, склалі 2286 рублёў. Падчас судовага паседжання бакі прыйшлі да міравога пагаднення: ААТ «Падстарынь» пагадзілася выплаціць працаўніцы да канца года гэтую суму, а потым заняцца пошукам дакументаў для прызначэння пенсіі.

Калі папераў не знойдуць, то былы працадаўца добраахвотна або праз суд будзе кампенсаваць жанчыне пенсію – да моманту афармлення яе на заслужаны адпачынак на агульных падставах.

Апошнія навіны