Кіраўнік МЗС Брытаніі падтрымаў канфіскацыю актываў РФ на карысць Украіны
- 7.12.2023, 21:09
У лік рэпарацый.
Міністр замежных справаў Брытаніі Дэвід Кэмеран падтрымлівае ідэю выкарыстоўваць расейскія актывы для аднаўлення Украіны. Гэта будзе аванс у пытанні рэпарацый.
Заяву міністра прыводзіць Sky News.
Кіраўнік брытанскага МЗС цяпер знаходзіцца ў Злучаных Штатах Амерыкі, дзе ў яго запланаваная сустрэча з дзяржаўным сакратаром Энтані Блінкенам.
«Замест таго каб проста замарожваць гэтыя грошы (расейскія актывы – рэд.), давайце возьмем іх, выдаткуем на аднаўленне Украіны, і гэта, калі хочаце, будзе авансам у лік рэпарацый, якія Расея аднойчы павінна будзе выплаціць за незаконнае ўварванне, якое яна пачала», – падкрэсліў Кэмеран перад сустрэчай.
Паводле словаў міністра, ён разгледзеў усе аргументы ў пытанні канфіскацыі актываў і не ўбачыў нічога, «што магло б яго пераканаць у тым, што гэта дрэнная ідэя».
Ён таксама заклікаў ЗША зацвердзіць новае фінансаванне дапамогі Украіне пасля таго, як рэспубліканцы адмовіліся падтрымліваць адпаведны законапраект у Сенаце.
«Калі ЗША прагаласуюць за пакет дапамогі Украіне, гэта надасць вялізны імпульс еўрапейскім краінам», – адзначыў Кэмеран.