Паніка ў Джанкоі: акупанты тэрмінова мяняюць маршрут дастаўкі жывой сілы
- 8.12.2023, 11:06
Што адбылося?
Расея ўзмацніла захады бяспекі ў Джанкоі (Крым), які стаў хабам засяроджвання жывой сілы і тэхнікі ворага. Дарэчы, новых акупантаў дастаўляюць нязвыклым маршрутам.
Пра гэта паведамляе Telegram-канал партызанскага руху «Атэш».
«Нашы агенты змаглі даведацца пра новы маршрут транспартавання жывой сілы УС РФ у Джанкоі», - гаворыцца ў паведамленні.
Са слоў партызан, вайскоўцы прыбываюць на вакзал аўтатранспартам і на цягніках.
«Але пасля нядаўніх удараў і вялікіх страт асабовага складу, камандаванню акупантаў далі загад ужо не выкарыстоўваць аэрадром і вайсковае мястэчка каля яго для ператрымкі салдат. Іх вязуць у Калінаўку», - распавялі ў «Атэш».
Таксама, паводле звестак партызан, вялізная колькасць вайсковай паліцыі і супрацоўнікаў ФСБ шукаюць карэкціроўшчыкаў.
«Паднялі вялікую паніку, але ўсё безвынікова», - дадаюць яны.
Нагадаем, у ноч на пятніцу, 24 лістапада, у гэтым горадзе на поўначы часова акупаванага Крыма раздаліся гучныя гукі выбухаў. У сетцы пісалі пра як мінімум 7 магутных выбухаў пад Джанкоем. Пазней партызаны заявілі, што ў Джанкоі былі атакаваныя воінскія часткі расейскіх захопнікаў, а таксама СПА, РЛС і асабовы склад інтэрвентаў.