«Гнаць трэба гэтых старых дзядоў: і беларускага, і расейскага, і Мароза»
- 8.12.2023, 12:17
Пра што варта задумацца ў перадсвяточны час.
- У Івацэвіцкім раёне пачаліся перадкалядныя мерапрыемствы! У госці да дзяцей завітаў Дзед Мароз з барадой і мяшком з падарункамі, усё як належыць, вось толькі ў вайсковай ватоўцы і з чырвонай зоркай на шапцы, — дзеліцца з сайтам Charter97.org чытач Яўген, які жыве пад Івацэвічамі.
Ведама ж, людзі ў нашым раённым цэнтры не распешчаныя культурным жыццём, з радасцю кінуліся вадзіць карагоды ды спяваць песні.
А мне ж падумалася, што не вырвацца нам з гэтай камуністычнай аблуды да таго моманту, пакуль мы будзем карыстацца савецкай ідэалогіяй! Гэта ж некалі саветы прыдумалі Дзеда Мароза і Снягурку. У мяне дык паралель стары дзед і эскорт (Лукашэнка і палюбоўніцы). Зірніце на краіны захаду – усе з іх маюць Святога Мікалая (Санта Клаўса або проста Санту). Тут відавочна праглядваецца і сувязь з верай, і вера ў цуды, бо гэта Святы.
Я дык сваіх дзяцей ад нараджэння вучыў, што да іх ходзіць Святы Мікалай, і падарункі ён носіць, бо ён чараўнік. І Каляды мы святкуем 25 снежня, як, дарэчы, і праваслаўныя хрысціяне Грэцыі ды Балгарыі. І толькі РПЦ супрацьпастаўляе сябе ўсяму цывілізаванаму свету, святкуючы Божае Нараджэнне 7 студзеня.
Як толькі ў нашых душах і сем’ях паселіцца Святы Мікола, то і беларусы павераць у цуды. Таму, на маю думку, гнаць трэба гэтых старых дзядоў — і беларускага і расейскага, і Мароза.