Прэзідэнт Літвы даручыў праверыць выдачу пашпартоў дзецям Абрамовіча
- 8.12.2023, 12:59
Дакументы могуць забраць паводле закону аб санкцыях супраць РФ.
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа даручыў правесці расследаванне ў сувязі са з'яўленнем публікацый аб наяўнасці літоўскага грамадзянства ў дзяцей алігарха Рамана Абрамовіча. Як паведамляе LRT, ён пацвердзіў, што грамадзянства выдадзенае законна, аднак папрасіў праверыць, ці садзейнічаў гэты факт парушэнню законаў аб санкцыях супраць Расеі.
“Грамадзянства было дадзенае ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Так, нам трэба праверыць, наколькі правільна яно было дадзена. І нам трэба ацаніць, ці ўдзельнічалі гэтыя канкрэтныя асобы, напрыклад, у механізме ажыццяўлення санкцый ЕЗ у дачыненні да Расеі. Магчыма, яны перашкаджалі ці неяк інакш садзейнічалі парушэнню рэжыму санкцый”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле ягоных слоў, калі гэта пацвердзіцца, будзе неабходна "шукаць магчымасці прыняць меры ў адпаведнасці з іншымі законамі Літвы".
Звесткі, атрыманыя падчас міжнароднага журналісцкага расследавання Cyprus Confidential, сведчаць, што сын Абрамовіча Аркадзь і дачка Ганна атрымалі літоўскае грамадзянства. Сярод дакументаў, якія трапілі да журналістаў, быў фотаздымак пашпарта сына мільярдэра, а таксама нумар літоўскага пашпарта ягонай дачкі.
“Дзеці спадара Абрамовіча, як і ўсе іншыя нашчадкі літоўскіх габрэяў, якія зазналі цкаванне, маюць абсалютна законнае права на грамадзянства. Тое, што ўрад Літвы не згадаў аб гэтым кантэксце, уводзіць у зман і прыніжае”, - заявіла ў адказ на запыт Bloomberg прадстаўніца мільярдэра.
Міністэрства ўнутраных спраў Літвы ўжо паабяцала прыняць заканадаўчыя змены, каб літоўскі пашпарт не выкарыстоўваўся як сродак абыходу санкцый. Міністарка унутраных спраў Агне Білатайце заявіла, што ўжо падрыхтаваныя адпаведныя змены ў Закон аб грамадзянстве. Міграцыйны дэпартамент перагледзіць спіс асоб і суб'ектаў, да якіх прымяняюцца санкцыі ЕЗ, і праверыць, ці не з'яўляюцца чальцы сем'яў санкцыянаваных асоб грамадзянамі Літвы.
Тым не менш, заявіў Наўседа, змены заканадаўства ў адказ на адзінкавы выпадак не з'яўляюцца прыкметай прававой дзяржавы, і такія ініцыятывы не павінны станавіцца "масавай практыкай". "Не вельмі добра пачынаць мяняць нашы законы, накіроўваючы іх на канкрэтны выпадак, канкрэтных асоб", - сказаў прэзідэнт.