BE RU EN

РФ утрымлівае ў палоне 28000 мірных украінцаў

  • 8.12.2023, 16:13

Дзве тысячы з іх – старэйшыя за 65 гадоў.

Расея ўтрымлівае ў палоне 28 тысячаў украінцаў з ліку цывільных асобаў, пра іх стан нічога невядома, паведаміў упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Украіны ў правах чалавека Дзмітрый Лубінец на міжнароднай канферэнцыі ў правах чалавека «Свабода ці страх» увечары ў чацвер, 7 снежня, піша «Нямецкая хваля».

Ён назваў утрыманне «цывільных закладнікаў» новай сістэмай уціску супраціву цывільнага насельніцтва на акупаваных тэрыторыях Украіны. «28 тысячаў на сённяшні стан грамадзянаў Украіны знаходзяцца ў палоне Расейскай Федэрацыі. Мы не можам праверыць іх стан, мы не можам атрымаць доступ да расейскіх турмаў, мы не можам перадаць лекі. І чарговы раз мы звяртаемся да міжнароднай супольнасці: дапамажыце нам абараніць нашых грамадзянаў, дапамажыце нам іх вярнуць!» – заклікаў Лубінец.

Паводле словаў украінскага амбудсмэна, сярод тых, хто знаходзіцца ў палоне ў расейцаў, і 2 тысячы ўкраінцаў старэйшыя за 65 гадоў. Былі выпадкі, калі ў палон бралі людзей старэйшых за 80 гадоў толькі за праўкраінскія выказванні, расказаў Лубінец.

Абыходжанне з ваеннапалоннымі

Закрануўшы тэму ваеннапалонных, Лубінец адзначыў, што на тэрыторыі Украіны ваеннапалонныя з РФ абароненыя Жэнеўскай канвенцыяй – прадстаўнікі Чырвонага Крыжа наведваюць спецыяльна створаны лагер для расейскіх ваеннапалонных, правяраюць умовы іх утрымання, палонныя могуць кожны тыдзень тэлефанаваць сваякам.

– А што адбываецца з украінскім ваеннапалоннымі? Мы нават не ведаем, дзе яны знаходзяцца, мы нават не ведаем іх колькасці. У нас нават няма доступу да верыфікацыі. Лісты ніхто нікому не піша. Гэтая сістэма не працуе (у Расеі), – абурыўся ўкраінскі амбудсмэн.

Раней Лубінец выказаў меркаванне, што Расея заблакавала абмен палоннымі для падрыхтоўкі новага Майдана ва Украіне.

Цяжкія ўмовы ўтрымання

На канферэнцыі Дзмітрый Лубінец таксама расказаў, што, паводле ягоных звестак, украінцы ў няволі страчваюць дзясяткі кілаграмаў вагі, паколькі расейцы кормяць іх нечым падобным на падфарбаваную ваду.

Паводле словаў Лубінца, быў адзін выпадак, калі за пяць месяцаў палону ўкраінскі ваеннапалонны страціў 77 кг вагі. Амбудсмэн адзначыў, што пасля вяртання з расейскага палону ўкраінскія вайскоўцы знаходзяцца збольшага ў цяжкім стане і маюць патрэбу ў рэабілітацыі.

Апошнія навіны