Беларусь і В'етнам узаемна скасоўваюць візы
- 8.12.2023, 19:13
Пагадненне падпісанае ў Ханоі 8 снежня.
Пагадненне паміж урадамі Беларусі і В'етнама пра ўзаемнае скасаванне візаў падпісанае ў Ханоі 8 снежня, паведамляе БелТА.
Цырымонія падпісання і абмену дакументамі аб супрацоўніцтве паміж краінамі прайшла паводле вынікаў перамоваў прэм'ер-міністраў Рамана Галоўчанкі і Фам Мінь Чыня.
Акрамя пагаднення пра скасаванне візаў, бакі таксама падпісалі пагадненні пра перадачу асуджаных для далейшага адбывання пакарання і пра афіцыйнае распаўсюджванне нацыянальных стандартаў В'етнама на тэрыторыі Беларусі.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і В'етнамам устаноўленыя 24 студзеня 1992 года. Беларускае гандлёвае прадстаўніцтва ў Ханоі было пераўтворанае ў амбасаду ў снежні 1997 года, В'етнамская дыпламатычная місія ў Менску адчынілася ў канцы 2003-га.
Напярэдадні, 7 снежня гэтага года, было ўрачыста адкрытае Генеральнае консульства Беларусі ў горадзе Хашымін, які знаходзіцца на поўдні В'етнама.