BE RU EN

У Беларусі затрыманы бізнэсмэн, звязаны з дзяржбудаўніцтвам

  • 8.12.2023, 21:17

Канфіскавалі 100 тысячаў даляраў.

Фінансавая міліцыя выявіла супрацьпраўную схему паставак металаканструкцый паводле завышанага кошту і аб'ёмаў, паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю. Канфіскавана больш за 100 тысячаў даляраў гатоўкай, арыштаваная маёмасць на мільён рублёў.

Дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Менскай вобласці і Менска затрыманы дырэктар «камерцыйнай кампаніі, якая займалася вырабам і пастаўкай металаканструкцый на дзяржаўныя аб'екты будаўніцтва».

Паводле звестак ДФР, мужчына «наўмысна завысіў кошт пастаўленых металавырабаў і ўнёс у дакументы загадзя лжывыя звесткі пра таўшчыню і кошт прафіляванага ліста».

«У выніку аплачаны бюджэтнымі сродкамі кошт вырабаў быў значна завышаны, а памер нанесенай шкоды склаў больш за 70 тысячаў рублёў», – расказалі ў дзяржкантролі.

Акрамя гэтага, бізнэсмэна падазраюць у тым, што ён фіктыўна супрацоўнічаў з адным ІП і некалькімі фізічнымі асобамі, каб выводзіць выручку ў ценевы зварот і не плаціць падаткі. «Падчас следчых дзеянняў у яго былі знойдзеныя дакументы і банкаўскія карткі падкантрольнага індывідуальнага прадпрымальніка і фізічных асобаў», – паведамілі ў КДК.

«Гэтая камерцыйная арганізацыя з мэтай зэканоміць і выкрасці з бюджэту, набыла ліст 0,7 міліметра, паставіла яго да сябе на ўлік, а паводле праекту паставіла ліст – нібыта гэта 0,8 міліметра. Адпаведна на вялікім аб'ёме яны атрымалі фінансавы вынік ад такой махінацыі, які потым паклалі да сябе ў кішэню», – расказаў у эфіры СТВ намеснік кіраўніка ўправы ДФР КДК Менскай вобласці і Менска Дзмітрый Дзягілеў.

«Машына ваша каштуе пад 100 тысячаў даляраў кожная, можа, і больш. Гэта дарагія свежыя машыны прэміум-класу. У кватэры знойдзеныя каштоўнасці, грошы памерам, эквівалентным больш за 100 тысячаў даляраў. Жонка ў яго не працуе, у яго прыбытак 1,5 тысячы. Задаю пытанне: "За што вы ўсё гэта набылі?" Ён не можа адказаць», – дадаў Дзягілеў.

На дырэктара пачалі крымінальную справу, ён узяты пад варту. Падчас ператрусаў у бізнэсмэна канфіскавана гатоўкай больш за 100 тысячаў даляраў, накладзены арышт на ягоную маёмасць памерам больш за мільён рублёў.

Апошнія навіны