BE RU EN

У Менску з'явяцца дзве новыя вуліцы

  • 26.03.2023, 20:53

Вось у гонар каго іх назавуць.

«Дэпутаты» Менскага гарсавета прысвоілі назвы дзвюм вуліцам, якія праектуюцца на тэрыторыі жылога комплексу «Мінск Мір». Іх назавуць у гонар беларускіх дзеячаў культуры - мастака Леаніда Шчамялёва і літаратара Максіма Лужаніна, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

Леанід Шчамялёў - вядомы беларускі мастак-рэаліст, франтавік. Памёр у 2021 годзе. У Менску працуе мастацкая галерэя твораў Шчамялёва, аснову якой склалі падораныя гораду мастаком карціны.

Максім Лужанін - беларускі празаік, паэт, кінадраматург і перакладчык, крытык. У 1933 годзе быў рэпрэсаваны і адпраўлены на два гады ў ссылку, у 1956 годзе рэабілітаваны. Быў галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм», працаваў у выданнях «Звязда» і «Вожык». Памёр у 2001 годзе.

Акрамя таго, дэпутаты ўнеслі карэкціроўку ў назву плошчы Стары аэрапорт - у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі абедзве часткі яе назвы зараз будуць пісацца з вялікай літары: «плошча Стары Аэрапорт».

Апошнія навіны