У беларусаў за год стала амаль удвая больш нерухомасці ў Літве
- 6.03.2023, 17:28
Для расейцаў лічба скарацілася.
Згодна са статыстычнымі звесткамі, колькасць аб'ектаў літоўскай нерухомасці ва ўласнасці грамадзян Беларусі за апошнія 12 месяцаў павялічылася больш як у 1,8 раза, а вось для расейцаў лічба скарацілася.
Як паведамляе myfin.by, у лютым нашы суайчыннікі валодалі 3200 аб'ектамі ў параўнанні з 1750 годам раней. Крыху менш за палову з іх - гэта кватэры, 13% - зямельныя дзялянкі, 8% - жылыя дамы, а астатняе прыпадае на іншыя памяшканні ды будынкі.
Беларускія кампаніі валодалі 23 аб'ектамі нерухомасці - у 2022 годзе іх было 14. Агульная сярэдняя рынкавая вартасць літоўскай нерухомасці, якая належыць грамадзянам Беларусі, разлічаная метадам масавай ацэнкі, складае 170 млн еўраў.
Іншая сітуацыя назіраецца для грамадзян Расеі, якія ў 2022 годзе набылі ў Літве 775 аб'ектаў нерухомай маёмасці, што амаль на 1,8% менш, чым годам раней.
Расейцы і беларусы ў Літве часцей за ўсё купляюць нерухомасць у Вільні (175 аб'ектаў), Клайпедзе (71), Віленскім (68) і Клайпедскім (37) раёнах, а таксама ў Малецкім раёне (34) і Вісагінасе (31) на ўсходзе краіны.