Піянткоўскі: Пуцін упершыню папрасіў літасці, запомніце гэты дзень
- 1.04.2023, 10:35
Кіраўнік Крамля «вяшчаў з чэрава» дыктатара Лукашэнку.
31 сакавіка 2023 года – вельмі важны дзень у расейска-ўкраінскай вайне. Вуснамі беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі Крэмль маліў Украіну аб перамір'і.
Такое меркаванне выказаў вядомы расейскі палітолаг, заўзяты крытык пуцінскага рэжыму Андрэй Піянткоўскі ў эфіры ўкраінскага тэлеканала, паведамляе dialog.ua.
Нашумелы выступ Лукашэнкі ён назваў «угодлівасцю». Асабліва яго здзівіла заява беларускага дыктатара пра тое, што трэба спыніць вайну, бо нібыта «салдаты з абодвух бакоў не разумеюць, за што ваююць».
«З яго (Лукашэнкі – рэд.) чэрава вяшчаў таварыш Пуцін. Запомніце, сёння, 31 сакавіка 2023 года – вельмі важны дзень. Ваенны злачынец Пу ўпершыню папрасіў літасці. А як інакш інтэрпрэтаваць гэты пасаж у ягоным тэксце, агучаным Лукашэнкам: "Салдаты не разумеюць, за што ваююць". А дзе ж "дэмілітарызацыя"? І Пуцін не разумее? Гэта вельмі важны паваротны пункт», – расказаў Піянткоўскі.
Ён звярнуў увагу на тое, што паралельна з гэтымі «просьбамі аб літасці» расейскі дыктатар прадаўжае пагражаць свету ядзернай вайной. Гэта сведчыць пра адчайнае становішча Пуціна, які церпіць паразу ў вайне.
«Менавіта так успрымаецца ў Вашынгтоне гэтае ягонае адкрыццё. Ён адчайна просіць аб перамір'і. У сутнасці, гэта ўжо першыя накіды капітуляцыі», – канстатаваў Піянткоўскі.
Паказальна, што падчас сваёй нашумелай прамовы Лукашэнка заклікаў Украіну адмовіцца ад вялікага вясновага контрнаступу і дэакупацыі сваіх тэрыторый. Гэтым ён, відавочна, трансляваў страхі Масквы наконт будучых дзеянняў УСУ. Беларускі дыктатар заклікаў бакі «спыніць баявыя дзеянні».