Пасля абвяшчэння мабілізацыі з Расеі ў Манголію перабраліся дзясяткі тысяч чалавек
- 1.04.2023, 20:01
Сярод іх як манголы, што вярнуліся дадому, так і расейцы.
Экс-прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж у інтэрв'ю «24 Каналу» расказаў, колькі людзей прыехала ў Манголію з Расеі.
Калі Пуцін абвясціў мабілізацыю, Цахіягійн Элбэгдорж заклікаў манголаў, якія жылі ў Расеі, вяртацца дадому. Вярнуўся дадому шмат хто, а разам з імі і этнічныя расейцы.
- Калі Пуцін абвясціў мабілізацыю, я быў у Манголіі і зрабіў відэазварот. Я заклікаў манголаў, якія жылі ў Расеі, вярнуцца на радзіму. Мы былі ахвочыя прыняць іх з шырокімі абдымкамі, я казаў - не ідзіце на вайну, не забівайце ўкраінцаў. Прыязджайце, уцякайце з Расеі. Я не ведаю дакладнай статыстыкі, але, як казалі, у Манголію вярнуліся ад 10 да 50 тысяч чалавек. І гэта былі не толькі этнічныя манголы, але і расейцы, - сказаў ён.
Ён адзначыў, што ў Манголіі яны пачалі вучыць мангольскую мову і працаваць. Таксама праз Манголію яны атрымалі магчымасць выбрацца ў іншыя краіны, напрыклад, у Тайланд або іншыя краіны, дзе не патрабуецца віза.
- І я кажу - калі ў выніку гэтага ёсць хаця б адзін чалавек, які не пайшоў са зброяй супраць Украіны, то гэта наш уклад у супакой. Калі гэтых людзей тысяча або 10 тысяч - гэта вялікі ўклад. Я заўсёды іх пытаю - навошта вы страляеце ва ўкраінцаў, яны маюць права жыць у сваёй краіне, - дадаў Цахіягійн Элбэгдорж.
Экс-прэзідэнт Манголіі заўважыў, што Крэмль выкарыстоўвае этнічныя меншасці як гарматнае мяса. Калі Пуцін абвясціў частковую мабілізацыю ў Расеі, то яна не была такая адчувальная ў вялікіх местах, такіх як Масква або Санкт-Пецярбург. Аднак у аддаленых рэгіёнах прымусовая мабілізацыя была дастаткова актыўнай.
Таксама пераважная большасць загінулых расейцаў на вайне ёсць менавіта этнічнымі меншасцямі: бураты, тувінцы, калмыкі. Паводле этнічнай прыкметы яны манголы.
- Ва Украіне Крэмль забівае ўкраінцаў, а ў Расеі знішчае нацыянальныя меншасці. Гэта звычайныя этнічныя чысткі, ваеннае злачынства, - сказаў ён.