Дэпутаты Еўрапарламенту падтрымалі Паліну Шарэнду-Панасюк
- 21.04.2023, 12:37
Фракцыя Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты заклікала неадкладна вызваліць палітвязняў.
Дэпутаты Еўрапейскага парламента з фракцыі «Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты» (ECR) заклікалі вызваліць актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк. У калоніі ў Паліны моцна пагоршылася здароўе.
«Актывістка беларускай апазіцыі Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў турме ўжо больш за два гады. З ёй рэгулярна вельмі жорстка і бесчалавечна абыходзяцца.
Мы, таксама як яе сям'я і сябры, турбуемся аб пагаршэнні ейнага здароўя і заклікаем беларускага дыктатара Лукашэнку неадкладна вызваліць яе», - напісалі еўрапарламентарыі ў Twitter.
Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», палітычная зняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк зараз знаходзіцца ў калоніі ў гарадскім пасёлку Зарэчча (Гомельская вобласць). Два тыдні таму да яе дапусцілі адваката. Але адвакат даў падпіску аб невыдаванні. Паліна знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі.
Падтрымаць палітычную зняволеную можна на адрас: Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк, ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць.