Наталля Радзіна сустрэлася з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Міхаілам Падаляком
- 24.05.2023, 16:15
Галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97» знаходзіцца з візітам у Кіеве.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна знаходзіцца з візітам у Кіеве. Сёння яна сустрэлася з дарадцам Офіса прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Міхаілам Падаляком.
На сустрэчы, якая прадоўжылася больш за гадзіну, абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі, становішча палітычных зняволеных у беларускіх турмах, шырокамаштабная ўцягнутасць беларускага рэжыму ў вайну Расеі, палітыка Кіева ў дачыненні да нашай краіны і будучыня Беларусі пасля непазбежнай перамогі Украіны.
Наталля Радзіна таксама сустрэлася з намеснікам міністра абароны Украіны генерал-маёрам Аляксандрам Палішчуком, дэпутатамі Вярхоўнай Рады Украіны, чальцамі міжфракцыйнага аб'яднання «За свабодную Беларусь», сустаршынём Парламенцкага камітэта асацыяцыі Украіны - ЕЗ Вадзімам Галайчуком і чальцом камітэта ў замежных справах Богданам Ярэменкам, якія прадстаўляюць правячую партыю «Слуга Народа».
На сустрэчы таксама абмяркоўвалася пытанне санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі і падтрымкі грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя Беларусі.
Таксама Наталля Радзіна ладзіць сустрэчы з беларускімі добраахвотнікамі і наведала базу палка імя Кастуся Каліноўскага.