Паліна Шарэнда-Панасюк на знак пратэсту адмаўляецца ад грамадзянства лукашэнкаўскай Беларусі
- 26.05.2023, 19:23
Жыццю палітычнай зняволенай пагражае небяспека.
Некалькі дзён таму да маці Паліны Шарэнды-Панасюк чарговым разам вярнулася бандэроль з неабходнымі для Паліны лекавымі прэпаратамі. Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» ужо больш за год не атрымлівае патрэбныя для функцыянавання пячонкі медыкаменты. Стала вядома, што яе этапавалі з калоніі №24 (Зарэчча) для праходжання судова-псіхіятрычнай экспэртызы. Месцазнаходжанне Паліны зараз невядомае. Пра гэта сайту Charter97.org распавёў муж палітычнай зняволенай Андрэй Шарэнда.
«На Паліну працягваецца каласальны фізічны ціск, яе фактычна ўвесь час трымаюць у штрафным ізалятары. Толькі за апошнія 5 месяцаў яна правяла ў жудасных умовах карцара 120 дзён, а ўсяго за няпоўны год знаходжання ў калоніі №24 больш за 200 дзён. І гэта без уліку месяцаў, праведзеных у ПКТ, дзе ўмовы не значна лепшыя за штрафны ізалятар. Паліну павольна, але мэтанакіравана забіваюць. Арганізм настолькі знясілены, што ёй ужо цяжка хадзіць. Праз адсутнасць сонечнага святла зрок у Паліны моцна сапсаваўся.
Паліна разумее, што з яе выцягваюць жыццё, спрабуе супраціўляцца. Трэба ўлічваць, што яна жанчына, а жанчыне значна цяжэй нявечыць сваё цела, як гэта звычайна робяць даведзеныя да мяжы зняволеныя. Але пакідаць бясконцыя здзекі без адказу яна не можа.
Паліна адмаўляецца ад беларускага грамадзянства, яна падала афіцыйны зварот. Яна адмаўляецца ад беларускага пашпарта са сталінскім гербам на вокладцы і больш не хоча мець нічога агульнага з акупацыйным рэжымам, які ўсталяваўся ў Беларусі. Рэжымам, які знішчае незалежнасць Беларусі. Рэжымам, які ўдзельнічае ў акупацыйнай вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязняў у турмах. З моманту адмовы ад грамадзянства Паліна перастае лічыць сябе падуладнай усім законам акупацыйнай улады, адмаўляецца выконваць усе патрабаванні. Таксама Паліна поўнасцю адмаўляецца падпарадкоўвацца адміністрацыі калоніі, суду і іншым сілавым структурам. Паліна падкрэслівае, што застаецца беларускай і патрыёткай сваёй радзімы - Беларусі, будзе да канца жыцця змагацца за яе свабоду. Паліна просіць міжнародныя гуманітарныя і праваабарончыя арганізацыі сачыць за яе лёсам, зрабіць усё магчымае для вызвалення яе і ўсіх палітвязняў. Таксама Паліна просіць незалежныя СМІ распаўсюдзіць яе зварот аб адмове ад грамадзянства акупацыйнай улады, якая захапіла Беларусь», - распавёў Андрэй Шарэнда.
Нагадаем, Паліну Шарэнда-Панасюк асудзілі на два гады пазбаўлення волі.
Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», зараз знаходзіцца ў калоніі ў гарадскім пасёлку Зарэчча (Гомельская вобласць). Два тыдні таму да яе дапусцілі адваката. Але адвакат даў падпіску аб невыдаванні. Паліна знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі. У калоніі ў Паліны моцна пагоршылася здароўе.
Як паведамляў сайт Charter97.org, дэпутаты Еўрапейскага парламента з фракцыі «Еўрапейскія кансерватары і рэфармісты» (ECR) заклікалі вызваліць актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк.
Падтрымаць палітычную зняволеную можна на адрас: Паліна Сяргееўна Шарэнда-Панасюк, ПК № 24. 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць.