Сквер Вольнай Беларусі з'явіцца ў Беластоку
- 29.05.2023, 18:35
Сквер знаходзіцца побач з консульствам Беларусі.
Беларускае пытанне на разглядзе Рады стаяла першым і атрымала станоўчую пастанову, ніхто не выступіў супраць. Сквер з'явіцца на вуліцы Электрычнай побач з консульствам Беларусі ў Беластоку. Так мясцовыя ўлады выйшлі са складанай сітуацыі, да якой прывяла пастанова, прынятая на гарадской радзе ў верасні 2022 года, паведамляе «Белсат».
Частка вуліцы Электрычнай, дзе амаль 20 гадоў знаходзіцца консульства Рэспублікі Беларусь, ад вуліцы Варшаўскай да вуліцы Яна Клеменса Браніцкага, атрымала назву «Вольная Беларусь».
Праўда, як выявілася, папярэдняй кансультацыйнай працы з жыхарамі вуліцы не правялі, і яны пачалі збіраць подпісы за вяртанне ранейшай назвы. Беларуская дыяспара спрабавала пераканаць жыхароў не супраціўляцца новай назве, але дарэмна. Жыхары вуліцы Электрычнай падалі ў суд і перамаглі: Ваяводскі адміністрацыйны суд у пачатку сакавіка 2023 года прызнаў пастанову гарадской рады неправамоцнай. Кіраўніцтва Беластока абяцала выйсці з гэтай сітуацыі, і заснаванне сквера - цалкам прэрагатыва мясцовай улады.
«Гэта найлепшае выйсце ў гэтай сітуацыі, якое і так, безумоўна, будзе раздражняць рэжым Лукашэнкі», – напісаў у сваіх сацыяльных сетках намеснік прэзідэнта Беластока Рафал Рудніцкі.
У Беластоку – вялікая і моцная беларуская дыяспара, у горадзе жывуць прынамсі 10 000 нашых землякоў.
«З 2020 года гарадскія ўлады Беластока заўсёды выказваюць салідарнасць з беларусамі. Шмат разоў у знак салідарнасці вывешваліся бел-чырвона-белыя сцягі на Ратушы і гасцявым палацы Браніцкіх, дзякуючы супрацоўніцтву беларускай дыяспары Беластока каля консульства РБ на слупах развяваюцца бел-чырвона-белыя сцягі, ёсць мемарыял загінулым за свабодную Беларусь, адбылося шмат супольных маршаў супраць расейскай агрэсіі ва Украіне і супраць дыктатуры рэжыму Лукашэнкі. Мы выказваем вялікую падзяку гарадскім уладам Беластока за іх ініцыятыву з'яўлення сквера свабоднай Беларусі насупраць лукашысцкага консульства. Гэтая пастанова вельмі важная для тысячы беларусаў, змушаных сёння заставацца за мяжой, ратуючыся ад пераследу рэжыму Лукашэнкі», – сказаў у размове з «Белсатам» адзін з лідараў беларускай дыяспары Беластока Ян Абадоўскі.
Заўважым, што ў Беластоку ў беларусаў ёсць некалькі сваіх пляцовак, цяпер будзе яшчэ і сквер.