Польшча закрывае мяжу для беларускіх цяжкавікоў
- 29.05.2023, 19:47
З 1 чэрвеня.
Міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марыюш Камінскі ў панядзелак падпісаў распараджэнне аб прыпыненні грузавога руху для расейскіх і беларускіх транспартных сродкаў праз мяжу Беларусі з 1 чэрвеня.
Аб гэтым піша PAP.
Пастанова прадугледжвае, што «да асаблівага распараджэння» Польшча не будзе прапускаць праз Беларусь да сябе грузавыя аўтамабілі, седлавыя цягачы, прычэпы і паўпрычэпы, зарэгістраваныя на тэрыторыі Беларусі і Расеі.
Гэты крок МУС Польшчы падрыхтавала разам з санкцыямі супраць 365 беларускіх чыноўнікаў у адказ на заключэнне актывіста польскай меншасці ў Беларусі, сустаршыні Саюза палякаў Беларусі Анджэя Пачобута
Кіраўнік міністэрства Камінскі даручыў падрыхтаваць санкцыі ў лютым, на наступны дзень пасля асуджэння Пачобута судом першай інстанцыі. Праз два дні пасля гэтага прысуду Польшча прыпыніла рух на польска-беларускім аўтамабільным памежным пераходзе ў Баброўніках да далейшых распараджэнняў.
Пасля закрыцця пункта пропуску «Бабровікі» беларускі рэжым увёў абмежаванні, праз якія польскія вознікі не могуць карыстацца памежнымі пераходамі на адрэзку беларускай мяжы з Літвой і Латвіяй.
Сярод іншага, іх транспартныя сродкі праходзяць мытнае афармленне толькі ў пункце пропуску Кукурыкі - Казловічы з тэрміналам у Карошчыне, адзіным адкрытым на сёння польска-беларускім грузавым аўтамабільным пераходзе.