«Тэрмінова патрэбны прэвентыўны ўдар па Лукашэнку і імгненнае вызваленне Беларусі»
- 1.06.2023, 13:51
Праз месяц можа быць позна.
Украінскі экспэрт Аляксандр Кірш мяркуе, што вайсковаму-палітычнаму кіраўніцтву Украіны неабходна тэрмінова нанесці прэвентыўны ўдар па рэжыме Лукашэнкі.
Экспэрт прыводзіць наступныя довады:
— Цалкам згодзен з амерыканскім гісторыкам Юрыем Фельшцінскім што да безумоўнай карыснасці — і нават неабходнасці! - хуткага нападу на практычна неабаронены рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, пакуль яшчэ ёсць такая магчымасць.
Калі «Мардор» паспее размясціць у Беларусі, як абяцае, ядзерную зброю, шматкроць узрасце імавернасць рэальнай ядзернай вайны, бо пастанову аб ядзерным удары будзе прымаць у такім выпадку не Рэспубліка Беларусь, а менавіта Расея, прычым зыходзячы з таго, што ўдар у адказ будзе накіраваны Захадам, умоўна кажучы, не на Маскву, а на Менск.
Такая сітуацыя будзе проста запрашаць «Мардор» да ядзернай атакі практычна без усялякай рызыкі для сябе, у сувязі з чым удар можа быць накіраваны і не на Украіну, а на якую-небудзь з «сапраўдных» цэляў Расеі, гэта значыць на абраную ёю краіну NATO.
Менавіта таму Цывілізацыя павінна даць Украіне карт-бланш на вокамгненнае вызваленне Беларусі (з перспектывай такога ж хуткага ўваходжання вызваленай краіны ў NATO) - намаганнямі палка Каліноўскага, умацаванага яшчэ буйнейшым кантынгентам ВСУ.
Толькі такі варыянт здольны зараз зберагчы чалавецтва ад рэалізацыі ашалелай ядзернай пагрозы.
Заадно Украіна і агулам Еўропа атрымаюць велізарную зону бяспекі, якая адмяжоўвае ад «Мардора», Масква будзе даступная не толькі з поўдня, але і з захаду, значна бліжэйшым стане і Санкт-Пецярбург, а стратэгічна важны Калінінград апынецца і зусім побач.
Тады Расеі давядзецца перакідваць войскі з Украіны на поўнач - каб пазбегнуць захопу ўжо расейскіх тэрыторый (для «абменнага фонду» Украіны) і нападаў на абедзве расейскія сталіцы розных часоў.
Праз месяц (а магчыма - і раней!) - будзе позна: тады атрымаецца ўжо атака на ядзерную дзяржаву ў найгоршым выглядзе такой дзяржавы, бо разглядаць пытанне аб нанясенні ядзернага ўдару адны (у РФ), а адказ атрымліваюць іншыя (у няшчаснай Беларусі).
Украіна і Цывілізацыя, якая нам дапамагае, павінны тэрмінова варушыцца. Па кім зазвоніць звон і куды Пуцін накіруе зброю масавай паразы (дарэчы, ці толькі «тактычную»?), ніхто не ведае.