Прэзідэнт Сербіі адмовіўся ад размовы з Пуціным
- 1.06.2023, 15:30
Аляксандр Вучыч назваў прычыну.
Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч не размаўляў з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным з пачатку вайны ва Украіне, паколькі баіцца асуджэння з боку краін ЕЗ.
«Я бачыў шматлікіх лідараў ЕЗ, якія ездзілі да яго ці размаўлялі. Я думаю, што гэта нядрэнна, размаўляць з кімсьці. Але я гэтага не раблю, бо ўсе сказалі б: «паглядзіце на сербаў». Тое, што яны хочуць нам забараніць, сабе яны дазваляюць», - сказаў Вучыч у інтэрв'ю італьянскай газеце La Stampa.
Апошні раз Вучыч сустракаўся з Пуціным у канцы лістапада 2021 года ў Сочы. Асноўным пытаннем у ходзе перагавораў былі пастаўкі расейскага газу ў Сербію. Вучыч падарыў расейскаму прэзідэнту кнігу пра Пятра Вялікага і сярэбраную вазу.
«Кожная сустрэча з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным мае выключнае значэнне для нашай краіны», — падкрэсліў Вучыч у сваім Instagram.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну прэзідэнт Сербіі адмовіўся ўводзіць санкцыі супраць Масквы, падкрэсліваючы залежнасць ад расейскіх нафты і газу. Аднак пазней кіраўнік МЗС рэспублікі Івіца Дачыч адзначаў, што Бялград можа далучыцца да абмежаванняў Захаду, калі палічыць гэта патрэбным для сваіх інтарэсаў.
Таксама, паводле слоў Дачыча, Сербія «асуджае парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны» і галасавала адпаведным чынам ва ўсіх міжнародных арганізацыях.
Вучыч, у сваю чаргу, папярэдзіў, што Сербія можа апынуцца «паміж молатам і кавадлам», паколькі Бялград збіраецца ісці ў бок інтэграцыі з ЕЗС, але не хоча адмаўляцца ад сувязяў з Расеі. Паводле ягоных слоў, Сербія не зможа «доўга вытрымаць» без увядзення санкцый супраць Масквы і ўжо страчвае супольнікаў праз нявызначанасць у гэтым пытанні. Пры гэтым ключавым прыярытэтам для краіны ён назваў уступленне ў ЕЗ.
Заходнія лідары таксама перасталі тэлефанаваць Пуціну. Пасля пачатку вайны прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон размаўляў з ім праз тэлефон 14 разоў і правёў «сто гадзін» перамоў. Аднак з верасня 2022 года французскі прэзідэнт не тэлефануе ў Крэмль і заклікае ўзмацніць вайсковую падтрымку Украіны.
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц таксама з 2 снежня мінулага года не звязваўся з Пуціным, каб абмеркаваць сітуацыю. Паводле ягоных слоў, ён зробіць гэта «ў зручны час». Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн не размаўляў з расейскім прэзідэнтам з пачатку ваеннага канфлікту. У канцы мінулага года ён падкрэсліў, што перамовы магчымыя толькі ў тым выпадку, калі Пуцін заявіць аб жаданні спыніць вайну ва Украіне.