BE RU EN

У Мінадукацыі адказалі на самае надзённае для беларусаў пытанне аб цэнтралізаваным іспыце

  • 2.06.2023, 11:15

Але больш зразумела не стала.

У Міністэрства адукацыі паступаюць пытанні пра вынікі цэнтралізаванага іспыту. Ведамства апублікавала адказ на самае надзённае дзяцей і іх бацькоў пытанне аб цэнтралізаваным экзамене (ЦЭ). Але здаецца, больш зразумела не стала.

Самае галоўнае пытанне - методыка пераводу першасных балаў у тэставыя.

«Методыка пераводу першасных балаў у тэставыя выкарыстоўваецца з 2019 года і зацверджана загадам міністра адукацыі для разліку вынікаў ЦЭ. Вынікі рэпетыцыйнага ЦЭ ад 28 студзеня 2023 года былі разлічаныя паводле гэтай методыкі. У сувязі з адсутнасцю змяненняў у методыцы пераводу першасных балаў у тэставыя з 2019 года інфармаванне грамадскасці не праводзілася. Вынікі ЦЭ ад 14 траўня 2023 года таксама выкананыя паводле гэтай методыкі», - паведамілі ў Міністэрстве адукацыі.

Разыходжанні паміж шкалой пераводу ЦТ-2022 і ЦЭ-2023 абумоўлены базавым узроўнем тэстаў ЦЭ — а таму вынікі рэпетыцыйнага тэставання ў падрыхтоўцы да ЦТ могуць не поўнасцю адпавядаць вынікам цэнтралізаванага экзамену.

У ведамстве таксама нагадалі, што цяпер праводзіцца работа міжведамаснай камісіі.

Нагадаем, калі сталі вядомыя вынікі першага цэнтралізаванага экзамену (ЦЭ) па беларускай і расейскай мовах, які адбыўся 14 мая, то многія былі незадаволеныя вынікамі.

30 мая Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў «абурэнне пасля ЦЭ» і даручыў праверыць арганізацыю цэнтралізаваных экзаменаў і разабрацца з кожнай скаргай, якая паступіла.

Пазней Мінадукацыі паведаміла, што карэктнасць апрацоўкі вынікаў першага ЦЭ праверыць міжведамасная камісія. У ведамстве таксама дадалі, што з 31 траўня стартуюць планавыя прыёмы грамадзян у пытаннях вынікаў цэнтралізаванага іспыту. Звароты наконт ЦЭ, якія ўжо паступілі, не будуць разглядацца завочна — іх аўтараў запросяць на асабісты прыём да спецыялістаў.

Апошнія навіны