У Менску працаўніца салона прыгажосці ўцякла ад падатковай праз акно
- 2.06.2023, 12:36
Справа тычылася лазернай эпіляцыі.
У Мінску працаўніца салона прыгажосці ўцякла праз акно ад кантралёраў з падатковай. Як расказалі ва ўправе аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі Міністэрства падаткаў збораў горада Менска, інцыдэнт адбыўся 1 чэрвеня, калі кантралёры наведаліся ў адзін з менскіх салонаў прыгажосці.
Інспектары ўстанавілі, што лазерную эпіляцыю ў салоне выконвалі без спецыяльнага на тое дазволу (ліцэнзіі).
- Падчас праверкі салона прыгажосці адна працаўніца так перахвалявалася, што пакінула сваё працоўнае месца праз акно, - паведамілі ва ўправе.
У ведамстве падкрэслілі, што ўладальнікі, якія маюць намер выконваць кліентам медпаслугі, абавязаны звяртацца ў Міністэрства аховы здароўя па адпаведны дазвол.
А кліентам салонаў прыгажосці ў МПЗ прапанавалі ўдакладняць наяўнасць у іх ліцэнзіі. Гэта можна зрабіць на сайце Адзінага рэестра ліцэнзій.
Дарэчы, з уцякачкай усё ў парадку, салон размяшчаецца на першым паверсе, і ўцёкі праз акно не прынеслі калецтваў.