Контрнаступ УСУ: Украіна рыхтуецца нанесці маланкавы ўдар
- 2.06.2023, 15:36
Шэраг прыкмет паказвае на пачатак важных падзей на фронце.
Контрнаступ Узброеных сіл Украіны вось-вось пачнецца, і назіраецца цэлы шэраг прыкмет, які на гэта паказвае.
Так, украінцы за апошнія некалькі дзён пачалі разміноўваць лінію фронту, паведамляе амэрыканскае выданне The Washington Post, спасылаючыся на ўласныя крыніцы сярод украінскіх байцоў.
Вядома, што і акупанты з РФ, і ўкраінскія абаронцы ўсталявалі тысячы мін уздоўж лініі фронту.
Цяпер для паспяховых наступальных дзеянняў іх трэба прыбраць адтуль. Інжынеры і сапёры з Украіны ўжо займаюцца разміноўваннем палёў, у тым ліку пры дапамозе новага абсталявання, сканструяванага на базе нямецкага Leopard 2.
Акрамя таго, для разміноўвання могуць ужывацца ўстаноўкі «УР-77 Метэарыт», якія робяць праходы праз мінныя палі.
Палкоўнік Управы інжынерных войскаў Украіны Сяргей Мацвяйчук, каментуючы будучыя наступальныя дзеянні, падкрэсліў, што УСУ на гэты момант адчуваюць нястачу інжынерных танкаў ды іншага абсталявання.
З гэтай прычыны сяму-таму з вайскоўцам даводзіцца займацца разміноўваннем уручную. І як толькі сапёры расчышчаюць шлях, тут жа ўсталёўваюцца спецыяльныя паказальнікі, каб паказаць кірунак на расейскія пазіцыі.
Як пішуць аўтары WP, акрамя расейскіх мінных палёў, УСУ трэба пераадолець і іншыя перашкоды: траншэі, канавы і рэкі.
Амэрыканскія аналітыкі падкрэсліваюць, што ўкраінцам для паспяховага наступу трэба будзе рухацца як мага хутчэй, каб не дазволіць размешчаным уздоўж лініі фронту расейскім войскам падысці бліжэй да абшару патэнцыйных атакавальных удараў.