Вядомы дацкі дыджэй адмовіўся ехаць на Viva Braslav
- 7.06.2023, 19:07
Выступленне ў краіне, якая знаходзіцца ў стане вайны, не адпавядае яго палітычным поглядам.
Дацкі дыджэй Марцін Енсэн (Martin Jensen) адмовіўся прыязджаць на беларускі фестываль Viva Braslav і скасаваў замову, піша дацкае выданне Ekstra Bladet. Але ўсё здарылася не адразу.
Журналісты ўвечары 6 чэрвеня сустрэлі вясёлага дыджэя на прэм'еры фільма «Маўчанне анёлаў». Там яго спыталі - ці збіраецца ён працаваць у Беларусі. Той адказаў, што паняцця не мае аб сваім гастрольным календары.
Рэпарцёр паведаміў, што запрошаныя на фэст артысты «падтрымліваюць беларускі рэжым, а значыць, і дыктатара Аляксандра Лукашэнку». Да вялікага здзіўлення, дыджэй тут жа адказаў, што ўсё звязанае з вайной яму «п…й».
Аднак сёння раніцай Енсэн раздумаўся і паведаміў, што патэлефанаваў свайму мэнэджару і скасаваў візіт у Беларусь. Ён растлумачыў Ekstra Bladet, што «выступ у краіне, якая знаходзіцца ў стане вайны, не адпавядае яго палітычным поглядам».
«Я не буду там выступаць, бо не падтрымліваю нічога палітычнага або ваеннага», - удакладніў Марцін Енсэн.
«Музыка павінна быць музыкай. Я разумею, чаму не варта там выступаць. Таму што, калі вы ўрываецеся ў іншую краіну, я не павінен быць часткай гэтага. Таму рэзерваванне зараз закрытае і адключанае», - сказаў дыджэй.
Фэст у Браславе сёлета пройдзе 28-30 ліпеня. Раней арганізатары ўжо недалічыліся выканаўцаў Instasamka і Moneyken.