BE RU EN

Рух «Разам» заклікаў праваабаронцаў перагледзець крытэры прызнання палітвязнямі

  • 10.07.2023, 15:28

У Беларусі значна больш вязняў сумлення, чым у афіцыйным спісе.

Рух салідарнасці «Разам» заклікаў праваабарончыя арганізацыі перагледзець крытэры прызнання палітвязнем. Актывісты звярнуліся да праваабарончага цэнтру «Вясна», Офіса ў правах людзей з інваліднасцю, Lawtrend, Прававой ініцыятывы, Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і Беларускага Хельсінскага Камітэту.

Сайт Charter97.org публікуе зварот.

«Паважаныя калегі!

Мы вельмі высока ацэньваем дзейнасць вашых арганізацый, усіх, хто супрацьдзейнічае палітычным рэпрэсіям у Беларусі і надае мэтавую дапамогу палітвязням.

Вашы арганізацыі, дзякуючы вашай шматгадовай дзейнасці, вядомыя і аўтарытэтныя не толькі для грамадзян Беларусі, але і сярод міжнародных праваабарончых арганізацый, экспэртаў у галіне правоў чалавека, грамадскіх дзеячаў і палітыкаў.

Таму вашыя звесткі - пра колькасць палітвязняў у Беларусі, пра аналіз складу палітвязняў, пра маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, катаванняў у лукашэнкаўскіх турмах, а таксама ў іншых аспектах жахлівых палітычных рэпрэсій, якія чыняцца ў Беларусі, - робяцца практычна афіцыйнымі для ўсіх палітыкаў і праваабаронцаў, якія займаюцца беларускай тэматыкай.

У 2013 годзе вамі былі прынятыя крытэрыі надання статусу палітвязня, якія сталі ўніверсальнымі для ўсіх краін СНД, якія, у той жа час, значна ўжо стандартаў праваабарончай дзейнасці такіх аўтарытэтных міжнародных арганізацый, як Amnesty International, АБСЕ, ААН.

На вялікі жаль, з лета 2020 года незаконны і нелегітымны рэжым, які існуе ў Беларусі, стаў праводзіць палітыку фактычнага тэрору і масавых палітычных рэпрэсій, з якімі Еўропа не сутыкалася апошнія 50 гадоў. Такія фактычна тэрарыстычныя структуры рэжыму, як КДБ, ГУБАЗіК і іншыя, масава выкарыстоўваюць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія фармальна не адпавядаюць распрацаваным і зацверджаным вамі крытэрам у вызначэнні статусу палітвязня.

У некаторых выпадках, як пры незаконным зняволенні гераіні беларускага народа Паліны Шарэнды-Панасюк, такая практыка прыводзіць да абсурднай сітуацыі: за кратамі пры катаваннях жанчына кажа, што яна палітвязень, а на волі афіцыйна яе да самага суда такой не прызнаюць. Так не павінна быць!

Таму, у сувязі з беспрэцэдэнтнай для сучаснай Еўропы катастрафічнай сітуацыяй у Беларусі, - вельмі просім вас перагледзець крытэры вызначэння статусу палітвязня ў Беларусі з улікам практычнай дзейнасці тэрарыстычных лукашэнкаўскіх сілавых структур», - гаворыцца ў звароце да праваабаронцаў.

Апошнія навіны