Фракцыя «Абнаўляючы Еўропу»: Паліна Шарэнда-Панасюк, Мікола Статкевіч ды іншыя палітычныя вязні маюць быць вызваленыя
- 19.07.2023, 11:30
Еўрадэпутаты звярнуліся да рэжыму Лукашэнкі.
Адна з найбуйнейшых фракцый Еўрапейскага парламента «Абнаўляючы Еўропу» заклікае рэжым Лукашэнкі пакласці канец чарадзе гвалту, катаванняў, рэпрэсій і прапаганды супраць іншадумцаў і крытыкаў улады, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць усіх палітычных зняволеных, паведамілі еўрадэпутаты сайту Charter97.org.
Гуманітарная сітуацыя выклікае надзвычайную трывогу. Інфармацыі аб псіхічным і фізічным стане шмат якіх зняволеных няма.
Так, лідэр беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч пазбаўлены неабходных лекаў і ўжо больш за тры гады знаходзіцца ў адзіночнай камеры, а ягоная сям'я не мае ніякай інфармацыі пра яго больш за 6 месяцы. Актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк рэгулярна зазнае катаванні ў папраўчай калоніі №24 у Зарэччы. За апошнія 10 месяцаў Паліна правяла больш за 200 дзён у штрафным ізалятары ў невыносных варунках, створаных для катаванняў зняволеных.
У справаздачы аб стасунках ЕЗ і Беларусі, прынятай Камітэтам замежных спраў, Фракцыя "Абнаўляючы Еўропу" самым цвёрдым чынам асудзіла бесперапынныя рэпрэсіі ды сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія рэгулярна ўчыняюцца рэжымам дыктатара Лукашэнкі ў дачыненні да ўласнага народа, і заклікала да ўзмацнення санкцый супраць рэжыму, калі сітуацыя не палепшыцца.
Пятрас Аўштравічус, дэпутат Еўрапейскага парламента ад фракцыі "Абнаўляючы Еўропу" (Ліберальны рух Літвы) і сталы дакладчык Еўрапейскага парламента аб Беларусі, сказаў:
— Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі ўпарта ўціскае, прыгнятае і незаконна саджае ў турму мірных беларускіх грамадзян. Гэтая палітыка сістэматычнага ўціску людзей з крытычнымі думкамі, палітычнай апазіцыі і арганізацый грамадзянскай супольнасці, прынцыпова несумяшчальная з асноўнымі прынцыпамі гуманнасці.
Фракцыя "Абнаўляючы Еўропу" нязменная ў сваёй салідарнасці з беларускім народам, які нястомна імкнецца да стварэння дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Мы абавязуемся цалкам падтрымліваць іхнюю справядлівую справу.