Еўрапарламент абвінавачвае Лукашэнку ў злачынствах супраць чалавечнасці
- 13.09.2023, 15:34
Еўрадэпутаты заклікаюць выдаць ордэр на арышт дыктатара.
13 верасня на пленарным пасяджэнні ў Страсбургу Еўрапейскі парламент большасцю галасоў прыняў Даклад аб стасунках з Беларуссю. Аўтар дакумента — літоўскі еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус. У чэрвені папярэдні тэкст даклада быў ухвалены Камітэтам замежных спраў Еўрапарламента, паведамляе карэспандэнт сайту Charter97.org.
Еўрапейскі парламент "уважае, што дзеянні Лукашэнкі асабіста і ягонага рэжыму" што да ўдзелу ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей "могуць быць прыраўнаваныя да злачынства супраць чалавечнасці паводле артыкулу "Дэпартацыя або гвалтоўнае перамяшчэнне насельніцтва" згодна з Рымскім Статутам Міжнароднага крымінальнага суда". Еўрапейскі парламент заклікае Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі.
Еўрадэпутаты "цвёрда асуджаюць удзел Беларускага Чырвонага Крыжа ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей".
Еўрапейскі парламент ускладае адказнасць за смерці беларускіх палітычных зняволеных на рэжым Лукашэнкі, няхай гэта будзе самагубства (афіцыйная прычына смерці Дзмітрыя Дудойця) або верад страўніка (афіцыйная прычына смерці вядомага мастака Алеся Пушкіна): «Дзеянні рэжыму і адмова ў наданні медыцынскай дапамогі і прававой падтрымкі прывялі да смерці палітычных зняволеных, у тым ліку Вітольда Ашурка, Дзмітрыя Дудойця, Аляксандра Віхра, Мікалая Клімовіча, Дзмітрыя Сарокіна і Алеся Пушкіна».
Еўрадэпутаты выказалі заклапочанасць наконт працяглай адсутнасці інфармацыі пра Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыку, Марыю Калеснікаву, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Ігара Лосіка, Кацярыну Андрэеву, Анджэя Пачобута.
Заканадаўцы заклікаюць пільна даць усю неабходную медыцынскую дапамогу тым палітычным вязням, якія маюць праблемы са здароўем: Паўлу Кучынскаму, Алесю Бяляцкаму, Мікалаю Статкевічу, Паліне Шарэндзе-Панасюк, Рыгору Кастусёву, Ірыне Мельхер, Галіне Дзербыш, Генадзю Фёдару, Генадзю Фядынічу, Марыі Рабковай, Васілю Бераснёву, Вячаславу Арэшку, Уладзіміру Гундару, Уладзіміру Мацкевічу, Алене Гнаўк, Андрэю Войнічу, Аляксандру Фядуту, Мікіту Залатарову, Дзмітрыю Заломскаму, Аляксею Губічу, Марыі Калеснікавай, Віктару Бабарыку, Вадзіму Гурману, Антаніне Канавалавай, Дар'і Афанасье, Дар'і Афанасьевай, Арсенію Масейчуку, Ігару Мінцу, Паўлу Ганчаруку, Сяргею Батуру, Вячаславу Дашкевічу, Данілу Касцюкевічу, Міхаілу Хаміцэвічу, Анджэю Пачобуту, Ксеніі Луцкінай, Вользе Залатар, Арцёму Баярскаму, Уладзіміру Малахоўскаму, Руслану Слуцкаму, Алене Маўшук, Ларысе Кузьменцы, Кірылу Пальчэўскаму, Юрыю Прахарэнку, Сяргею Верашчагіну, Вячаславу Раманчуку, Аляксандру Капшулю, Раману Караневічу, Віталю Мельнікаву, Аксане Зарэцкай, Вікторыі Кульшы.
Парламентарыі заклікаюць Еўракамісію і дзяржавы ЕЗ даваць падтрымку незалежным беларускім мэдыям і ўзмацніць патэнцыял такіх выданняў, як "Хартыя-97", "Радыё Рацыя", "Еўрарадыё", "Белсат", "Наша Ніва", "Новы час", NEXTA, "Маланка” і «Зеркало».
Еўрапейскі парламент заклікае "ўзмацніць абарону меж ЕЗ для таго, каб спыніць усякія правакацыі з боку групы "Вагнер" або спробы наймітаў групы "Вагнер" пракрасціся ў ЕЗ".
Еўрапейскі парламент заклікае дзяржавы ЕЗ спрасціць наданне дазволу на жыхарства тым, хто пакінуў Беларусь з палітычных прычын, а таксама даць падтрымку тым беларусам, што жывуць у ЕЗ, у якіх заканчваецца тэрмін дзеяння беларускіх дакументаў.
Заканадаўцы "заклікаюць кіраўніцтва беларускія дэмакратычныя сілы захоўваць адзінства і далей выкарыстоўваць інавацыйныя метады для інфармавання і ўзаемадзеяння з народам Беларусі, асабліва ўнутры краіны, каб захаваць яго давер і веру ў дэмакратычныя перамены".
«Беларускае грамадства далей зазнае сістэматычныя парушэнні правоў чалавека і злачынствы супраць чалавечнасці, якія ўчыняюцца рэжымам Лукашэнкі... Еўрапейскі парламент застаецца гарачым прыхільнікам беларускага народа, чыё месца ў Еўропе, і які далей выказвае свае еўрапейскія памкненні», — адзначаецца ў канцы дакумента.