Еўрапарламент афіцыйна заклікаў МКС выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі
- 14.09.2023, 8:23
Рэзалюцыя на падставе даклада Пятраса Аўштравічуса была прынятая пераважнай большасцю галасоў.
Еўрапарламент афіцыйна прызнаў Аляксандра Лукашэнку такім жа адказным за ваенныя злачынствы, як Уладзімір Пуцін і Марыя Львова-Бялова і заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на ягоны арышт.
Адпаведная рэзалюцыя на падставе даклада еўрадэпутата ад Літвы Пятраса Аўштравічуса была прынятая 13 верасня падчас пленарнага пасяджэння Еўрапарламента ў Страсбургу пераважнай большасцю галасоў.
"За" было аддадзена 453 галасы, 21 — "супраць" і 40 — устрымаліся.
У дакладзе, апублікаваным на сайце Еўрапарламента, гаворыцца аб асуджэнні незаконнага перамяшчэння больш як 2 150 дзяцей, у тым ліку сірот, з акупаваных Расеяй раёнаў Украіны "ў так званыя аздараўленчыя лагеры Беларусі, дзе яны падпадаюць пад расеізацыю і індактрынацыю".
Заяўнікі падтрымліваюць расследаванне ўкраінскай пракуратурай ролі Беларусі ў гвалтоўнай дэпартацыі і мяркуюць, што дзеянні самога Лукашэнкі і ягонага рэжыму таксама могуць быць кваліфікаваныя як злачынства супраць чалавечнасці — "дэпартацыя або гвалтоўнае перамяшчэнне насельніцтва" ў адпаведнасці з Рымскім статутам Міжнароднага крымінальнага суда (МКС).
«Зноў заклікае дзяржавы-сябры ЕЗ падрыхтаваць глебу для крымінальнага пераследу беларускіх чыноўнікаў, адказных або датычных да фальсіфікацыі выбараў, грубых парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці, у адпаведнасці з прынятымі прынцыпамі экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі; паўтарае заклік Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН да ўсіх краін-сябраў ААН разгледзець магчымасць прыцягнення да адказнасці такім чынам; падтрымлівае далейшае абмеркаванне магчымасці стварэння ў Гаазе міжнароднага трыбунала аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі», — гаворыцца ў дакуменце.
Еўрапарламентарыі таксама заклікаюць павялічыць спіс асоб, супраць якіх накіраваныя санкцыі ЕЗ, уключыўшы ў яго асоб, якія маюць дачыненне да гвалтоўнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Аўтары заклікаюць еўрапейскія структуры далей узаемадзейнічаць і падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць, палітвязняў.
У дакуменце таксама падаюцца наступныя заявы:
асуджэнне бесперапынных рэпрэсій і сістэматычных парушэнняў правоў чалавека;
салідарнасць з народам Беларусі і сябрамі арганізацый грамадзянскай супольнасці; патрабаванне ад рэжыму Лукашэнкі "спыніць спіраль гвалту, катаванняў, рэпрэсій і прапаганды";
забяспечыць мірную перадачу ўлады пасля правядзення свабодных і справядлівых выбараў; заклік пакласці канец умовам утрымання палітычных зняволеных;
заклік неадкладна даць неабходнае медыцынскае лячэнне і гарантаваць належны медыцынскі кантроль усім палітычным вязням з сур'ёзнымі захворваннямі і праблемамі са здароўем;
заклік дазволіць дыпламатам і міжнародным арганізацыям наведваць палітычных вязняў;
патрабаванне правядзення незалежнага расследавання і экспертных высноў аб фактах смерці палітычных вязняў;
заклік да рэжыму Лукашэнкі ўстрымлівацца ад усякага роду пераследу, у тым ліку былых палітычных зняволеных, якія цяпер вызваленыя; заява, што выхад з "Усходняга партнёрства" не мае легітымнасці, "бо не адлюстроўвае сапраўднай волі беларускага народа і яго імкнення да свабоднай і дэмакратычнай дзяржавы";
асуджэнне пастановы аб выхадзе Беларусі з Орхускай канвенцыі;
заклік да інстытутаў ЕЗ і дзяржаў-сябраў вывучыць магчымасць надання прадстаўнікам беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці магчымасці заняць месцы, якія раней займалі прадстаўнікі беларускіх уладаў на двустаронніх і шматстаронніх форумах, у тым ліку ў рамках палітыкі "Усходняга партнёрства";
заклік да ЕК уключыць незалежных, не звязаных з урадам беларускіх экспертаў у якасці нацыянальных прадстаўнікоў Беларусі ў такія праграмы супрацоўніцтва, як EU4Climate, EU4Environment ды іншыя ініцыятывы;
заклік уключыць беларускія дэмакратычныя сілы ў склад Еўрапейскай палітычнай супольнасці, напрыклад, шляхам надання ім статусу назіральніка;
асуджэнне палітычна матываваных "паказальных працэсаў" і сфабрыкаваных абвінавачанняў;
заклік да беларускіх уладаў неадкладна замяніць усе смяротныя прысуды і ўвесці мараторый на ўжыванне смяротнага пакарання
асуджэнне ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расеі супраць Украіны;
заклік люстрана паўтарыць існыя санкцыі супраць Расеі ў дачыненні да Беларусі;
заклік уключыць Расею і Беларусь у спіс трэціх краін ЕЗ з высокім узроўнем рызыкі ў дачыненні да барацьбы з адмываннем грошай і фінансаваннем тэрарызму;
заклік да краін ЕЗ і далей спрашчаць працэдуры атрымання віз і дазволаў на жыхарства для беларусаў;
падкрэсліванне факту, што Беларусь мае гістарычныя сувязі з астатняй Еўропай і падзяляе спадчыну еўрапейскай культуры і ідэнтычнасці, і што, грунтуючыся на імкненнях беларускага народа, "яна павінна заставацца часткай еўрапейскай палітычнай, культурнай і эканамічнай прасторы".
Дакумент таксама "горача прызнае і падтрымлівае заявы аб еўрапейскіх памкненнях беларусаў" і заклікае інстытуты ЕЗ і дзяржавы-сябры распрацаваць "больш амбіцыйную і ўсёабдымную стратэгію ў спалучэнні з шырокім эканамічным планам", якая забяспечыла б падтрымку беларусаў для спрыяння дэмакратычным пераўтварэнням у краіне і абароне незалежнасці ды суверэнітэту.