Наталля Радзіна: Рэжыму Лукашэнку трэба паставіць жорсткі ультыматум
- 14.09.2023, 11:18
Часу на чаканне больш няма.
Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна выступіла 13 верасня ў Еўрапейскім Парламенце ў Страсбургу на канферэнцыі Каліноўскага, прысвечанай сітуацыі ў Беларусі. Журналістка расказала аб катастрафічнай сітуацыі з беларускімі палітвязнямі і заклікала Еўразвяз да рашучых мер у дачыненні да дыктатуры. Падаем тэкст выступу цалкам:
- У беларускіх турмах забіваюць людзей. Бязлітасна і фактычна бяскарна. Мы не можам нават дакладна сказаць, колькі людзей знаходзіцца ў турмах, бо рэпрэсіі не спыняюцца цягам ужо больш як тры гады. Больш за тое, яны ўзмацняюцца. Падам статыстыку: паводле звестак праваабаронцаў у 2021-м годзе за месяц адбывалася блізу сотні палітычна матываваных арыштаў, а ўжо ў 2023-м годзе — 700. На працягу трох гадоў рост рэпрэсій — у сем разоў!
Тысячы людзей сёння ў турмах. Колькі іх? Значна больш, чым ведаюць праваабаронцы і журналісты, бо правядзенне паўнавартаснага маніторынгу рэпрэсій унутры краіны немагчымае. Думаю, рэальная колькасць вязняў сумлення сёння - ад 8 да 10 тысяч.
Толькі за апошні год мы даведаліся пра гібель ужо шасці палітвязняў у турмах, калоніях і ізалятарах, у тым ліку знакамітага мастака, аднаго з лідараў беларускага нацыянальнага Адраджэння Алеся Пушкіна. Колькі палітвязняў загінула напраўду? Умовы зняволення настолькі жахлівыя, што выжыць у беларускіх засценках вельмі складана, асабліва паджылым і хворым людзям, якіх у зняволенні вельмі шмат.
Сёння ўжо 216 дзён, як нічога невядома пра лёс рэальнага лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча. Чалавека, які амаль 30 год змагаўся з рэжымам Лукашэнкі. За гэтыя гады ён больш як 10 гадоў правёў у зняволенні.
Апошні раз ён быў прысуджаны да 14-ці гадоў асаблівага рэжыму. Па сутнасці, гэта смяротны прысуд, бо больш за 10 гадоў асаблівага рэжыму мала хто вытрымлівае.
Вось ужо больш за тры гады Статкевіч утрымліваецца ў камеры-адзіночцы. Цяпер яго трымаюць у адной з самых жорсткіх калоній Беларусі, у горадзе Глыбокім, у сутарэнні, у камеры памерам 1 на 3 метры. Больш за 7 месяцаў ад палітыка няма лістоў, няма званкоў, яму забароненыя сустрэчы з адвакатам, спатканні з жонкай. Яго часта змяшчаюць у штрафны ізалятар, дзе ўмовы яшчэ горшыя, чым у адзіночнай камеры.
У турме Мікола Статкевіч чатыры разы перахварэў на ковід. У яго сур'ёзныя праблемы з сэрцам, але нават лекі адправіць у турму надзвычай складана, іх часта проста не прымаюць.
Людзям адмаўляюць у медыцынскай дапамозе. Адмаўляюць у неабходных леках. Актывісту «Еўрапейскай Беларусі» Андрэю Войнічу неабходная тэрміновая перасадка пячонкі. Калі аперацыя не будзе праведзеная, то ён можа памерці праз год.
Палітвязні Генадзь Фядыніч, Аляксандр Францкевіч, Васіль Бераснёў знаходзяцца ў зняволенні з адной ныркай. У палітычнай зняволенай, журналісткі Ксеніі Луцкінай рак мозгу. У Паўла Кучынскага, пра якога таксама даўно не было ніякай інфармацыі, чацвёртая стадыя раку. Пенсіянерка Галіна Дзербыш — інвалід другой групы, у яе таксама анкалагічнае захворванне і праблемы з сэрцам, пенсіянер Уладзімір Гундар — інвалід без нагі, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель страчвае зрок, арыштаваны непаўналетнім актывіст Мікіта Залатароў.
Не магу не згадаць аб сітуацыі з актывісткай «Еўрапейскай Беларусі» Палінай Шарэндай-Панасюк. Нядаўна я разам з яе мужам Андрэем Шарэндам сустракалася з дэпутатамі Еўрапарламента ў Брусэлі. Сітуацыя з гэтай гераічнай жанчынай катастрафічная. Яе проста забіваюць. У турме для жанчын-рэцыдывістак у апошні год яна правяла больш за 200 дзён у штрафным ізалятары. Пры росце 170 см Паліна важыла 47 кг! Нядаўна яе збілі ў калоніі, зламалі рэбры. У жанчыны паталогія пячонкі, але медыцынскую дапамогу ёй не надаюць, перадача лекаў таксама забароненая. Цяпер Паліну зноў хочуць асудзіць і ўжо трэцім разам прысудзіць да новага турэмнага тэрміну. Яна можа проста не дажыць да вызвалення!
Там жа, у калоніі для жанчын-рэцыдывістак, здзекуюцца і катуюць Вікторыю Кульшу і Алену Гнаўк.
Надзвычай цяжкая сітуацыя з Нобэлеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім, кандыдатам у прэзідэнты Віктарам Бабарыкам, Паўлам Севярынцам, Аленай Лазарчык, Мікалаем Аўтуховічам, Максімам Знакам, Марыяй Калеснікавай, Вольгай Залатар, Максімам Вінярскім, Рыгорам Кастусёвым.
Тысячы чалавек, чыё жыццё і лёс сёння значна ў чым залежаць ад нашых з вамі дзеянняў, ад нашай салідарнасці. Выратаваць гэтых людзей можна, але неабходны смелыя дзеянні.
Рэжым Лукашэнкі разумее толькі мову сілы. На жаль, уведзеныя ў дачыненні да дыктатуры заходнія санкцыі сёння недастатковыя, малаэфектыўныя і абыходзяцца ў масавым парадку праз трэція краіны. У першым паўгоддзі 2023 года станоўчае сальда гандлёвага балансу ЕЗ і Беларусі склала €3,2 мільярда. Асноўныя бенефіцыяры: Польшча (€985 млн), Нямеччына (€798 млн), Літва (€787 млн).
Такім чынам, нягледзячы на санкцыі, гандаль з беларускай дыктатурай ідзе на ўсе застаўкі, у той час як у турмах працягваюць бяскарна забіваць людзей.
Ёсць хуткі і дзейсны спосаб выратавання палітвязняў - цалкам спыніць гандаль з рэжымам Лукашэнкі і транзіт тавараў праз тэрыторыю нашай краіны. Паверце мне, праз вельмі кароткі час пасля закрыцця межаў для тавараў рэжым пачне адступаць і вызваляць людзей з турмаў. Думаю, эканомікі краін ЕЗ могуць вытрымаць гэтую паўзу ў гандлі са злачынным рэжымам, а спыненне транзіту ўзмоцніць ціск на лукашэнкаўскую хунту з усіх бакоў, уключаючы Расею і Кітай, якія, упэўнена, таксама дзеля сваіх фінансавых інтарэсаў будуць вымушаныя заклікаць дыктатара вызваліць вязняў сумлення.
Годзе паўмер, годзе санкцый «па маленькай лыжачцы". Рэжыму трэба паставіць жорсткі ультыматум!
Таксама ультыматыўна трэба дзейнічаць і ў дачыненні да беларускіх амбасад у краінах Захаду, якія паводле распараджэння Лукашэнкі спынілі выдачу пашпартоў і іншых дакументаў сотням тысяч беларускіх уцекачоў, якія вымушаныя былі ўцячы з краіны пасля падзей 2020 года. Закрывайце беларускія амбасады, выганяйце лукашэнкаўскіх дыпламатаў! Фактычна, пасля спынення выканання сваіх дырэктыўных абавязкаў яны ператвараюцца ў гандаль прадстаўніцтвы злачыннага рэжыму і офісы спецслужбаў за мяжой — не больш за тое.
Сёння ад заходняга свету патрабуецца цвёрдасць і воля. Размова ідзе пра жыццё тысяч беларусаў, сапраўдных герояў, найлепшых прадстаўнікоў нашай нацыі. Часу на чаканне больш няма. Трэба дзейнічаць, і неадкладна!