Навукоўцы назвалі стратэгію пры недасыпанні
- 21.09.2023, 20:27
Яна можа дапамагчы змагацца з дрымотнасцю і стомленасцю.
Наваспечаныя бацькі і працаўнікі начных зменаў выдатна ведаюць, што такое недасыпанне. На жаль, з такім ладам жыцця вельмі складана добра выспацца, каб пачувацца бадзёра. Новы аналіз сну паказаў, што існуе стратэгія, якая можа дапамагчы змагацца з дрымотнасцю і стомленасцю падчас доўгіх перыядаў без начнога сну, каб змагацца з недасыпаннем.
Як высветлілася, пры няспанні ўсю ноч два сеансы дзённага сну – 90 хвілінаў + 30 хвілінаў – з'яўляюцца аптымальным выбарам для добрага самаадчування. Такі падыход нашмат лепшы, чым адзін сеанс сну 120 хвілінаў.
Што азначаюць гэтыя лічбы?
Даследаванне праводзілася японскімі навукоўцамі з Універсітэта Хірасімы. Яны надумалі вывучыць, як дапамагчы медсёстрам, якім дазваляецца спаць да дзвюх гадзінаў падчас начной змены, каб кампенсаваць збой у біялагічным гадзінніку.
У рамках даследавання аўтары прааналізавалі звесткі папярэдніх навуковых працаў. Менавіта так яны зразумелі, што спаць дзве гадзіны запар, гэта значыць 120 хвілінаў, менш эфектыўна (працаўнікі, якія спалі адзін раз апоўначы, адчулі дрымотнасць ужо а чацвёртай гадзіне раніцы і гэты стан доўжыўся да канца змены). Людзі, якія спалі 90 хвілінаў да паўночы, а потым 30 хвілінаў а трэцяй гадзіне ночы, маглі не адчуваць санлівасць да шостай раніцы.
Аўтары працы ўпэўненыя, што такі падыход дапаможа не толькі працаўнікам начных зменаў, але і наваспечаным бацькам.