Чыноўнік прабрахаўся, як паміраюць заводы за Лукашэнкам
- 26.09.2023, 11:28
Горлаў агучыў некалькі нязручных фактаў.
На нарадзе 25 верасня перад Лукашэнкам у тым ліку даў справаздачу ўжо былы старшыня Маладзечанскага райвыканкама Юры Горлаў. Яго забралі на падвышэнне - інспектарам, прадстаўніком Лукашэнкі ў Гомельскай вобласці (першы выпадак, калі гэтую пасаду зойме расеец).
Горлаў агучыў некалькі нязручных фактаў, звярнула ўвагу "Наша Ніва".
Чыноўнік пачынаў з пазітыву - што па выніках першых сямі месяцаў гэтага года раён выконвае ўсе асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, што ў горадзе і раёне дзейнічае 37 вялікіх прадпрыемстваў. Таксама ён не забыўся дадаць, што грамадска-палітычная абстаноўка ў рэгіёне “стабільная”. Гэта эўфемізм, які выкарыстоўваецца лукашыстамі і азначае, што пратэстаў не было.
Лукашэнка не дачакаўшыся канца прамовы, спытаў у Горлава, якое прадпрыемства ў Маладзечне зараз самае праблемнае.
Такім, паводле слоў Горлава, з'яўляецца Маладзечанскі завод металаканструкцый (МЗМК). Яго галоўная праблема - нізкая загружанасць.
“Улічваючы, што прадпрыемства можа вырабляць 700 тон металаканструкцый за месяц, сёння магутнасцяў Маладзечанскага раёна і Менскай вобласці недастаткова. Уносілі прапанову, каб задзейнічаць гэтае прадпрыемства ў прамысловасці краіны”, - пачаў тлумачыць чыноўнік. Маецца на ўвазе - каб замовы на ім размяшчалі з усёй краіны, а не толькі з адной вобласці.
Лукашэнка задаўся пытаннем, як так атрымліваецца, што попыт "у краіне" ёсць, а прадпрыемства не загружанае.
У апраўданне былы старшыня Маладзечанскага райвыканкама сказаў, што такіх прадпрыемстваў (з нізкай загружанасцю) па краіне - некалькі дзясяткаў.
Пры гэтым, здаецца, Горлаў не страчвае пазітыву.
Чыноўнік паведаміў, што на прадпрыемстве ўжо ідзе праца над праектам з расейцамі. Завод, паводле ягоных слоў, плануе ўжо сёлета адправіць партыю эксперыментальных кантэйнераў для перавозкі звадкаванага прыроднага газу.
Са слоў чыноўніка, калі заводу ўдасца атрымаць замовы з Расеі на такую прадукцыю, то прадпрыемства зможа быць загружаным на 60—70% сваіх магутнасцяў.
Наколькі зараз загружаны МЗМК, дакладна не вядома. Але выглядае, што значна менш, калі чыноўнік агучвае загрузку на 60-70% як пазітыўны прагноз.