У Менску на продаж выставілі вялікі ТРЦ, адкуль уцёк фундатар
- 26.09.2023, 14:54
Кошт - 37 мільёнаў даляраў.
ТРЦ "Мега Парк" на скрыжаванні вуліц Каменнагорскай і Казіміраўскай выставілі на аўкцыён. Інфармацыя аб таргах з'явілася на сайце Менскага гарадскога цэнтра нерухомасці, піша realt.by. Пачатковы кошт недабудаванага аб'екта ў Каменнай Горцы - больш за 120 мільёнаў рублёў.
У аб'яве аб таргах аб'ект праходзіць як не закончанае будаўніцтвам незакансерваваны аб'ект. Таргі пройдуць 27 кастрычніка. Пачатковы кошт — 121073360 беларускіх рублёў (больш за 37 млн даляраў).
Што за гісторыя з ТРЦ "Мега Парк"?
ТРЦ пачалі будаваць паводле інвестдамовы яшчэ ў 2012 годзе і першапачаткова планавалі адкрыць у 2017 годзе. Потым адкрыццё перанеслі на 2020 год, але тады яно зноў не адбылося. Хоць будынак практычна дабудавалі, але ў нейкі момант працы спыніліся і знешне ТРЦ не мяняецца ўжо некалькі гадоў. Замоўцам будаўніцтва было ТАА «Вінтэрінвест» з замежным капіталам. У Мінгарвыканкаме казалі, што інвестар "уцёк", і дабудоўваць аб'ект збіраўся горад. Першапачаткова "Мега Парк" планаваўся як вялікі і сучасны ТРЦ з лядовай арэнай і кінатэатрам.