«Мама, мы ўжо сцягнулі аўдыёкніжкі, каб не слухаць гэтую лухту»
- 26.09.2023, 17:43
Як школьнікі рэагуюць на лукашэнкаўскі фільм пра «дрэнных палякаў».
Да «свята яднання» лукашэнкаўская прапаганда прымеркавала новы «шэдэўр» «На том берегу», піша чытачка сайта Charter97.org з Менска:
- Запыталася ў сваіх сяброў ды калег, ці прымушаюць іхніх дзяцей глядзець прапагандысцкі фільм «На том берегу» і колькі гэта каштуе. Адказы бацькоў мяне шакавалі, піша Алеся.
Ва ўсіх школах сталіцы рэкамендавана паглядзець гэты фільм, толькі вось цэны і ступень ціску розняцца ад школы да школы. Самы танны квіток на прагляд быў 3 рублі, але некаторыя навучальныя ўстановы надумалі падзарабіць, і квіткі каштавалі ад 4 да 6 рублёў.
Розніўся і ціск. Паасобныя вучні адмовіліся пайсці, і не мелі аніякіх праблем, таму-сяму пашанцавала менш. Давялося заплаціць, але дазволілі не ісці. Маіх жа дзяцей прымусілі не толькі набыць, але абавязкова быць на праглядзе. Маўляў, праводзім ідэалагічную работу.
Але адказ падлеткаў просты і лаканічны: мама, мы ўжо сцягнулі аўдыякнігі, каб 1,5 гадзіны не слухаць гэтую лухту.
А мне на душы радасна і цёпла, што наша моладзь не бярэцца на прапаганду, знаходзіць шляхі супрацьстаяння. І хоць звонку ўсё здаецца пахаваным пад асфальтам, але супраціў ёсць, ён толькі сышло ў падзямелле.