BE RU EN

WSJ: Варшава выкрыла шпіёнскую сетку з беларусамі дзякуючы тэлефанаванню выпадковага мінака

  • 30.09.2023, 11:58

Ягамосць шпацыраваў недалёка ад чыгункі і аэрапорта ў Рэшаве.

Амэрыканскае выданне The Wall Street Journal (WSJ) паведаміла драбніцы выяўлення расійскай шпіёнскай сеткі ля места Рэшава ўвесну 2023 года. Паводле звестак выдання, усё пачалося з тэлефанавання п'янага паляка.

Нецвярозы мужчына шпацыраваў недалёка ад чыгункі і мясцовага аэрапорта ў Рэшаве і заўважыў падазроную камеру. Яна была накіраваная на рэйкі.

Менавіта пасля гэтага тэлефанавання польскія спецслужбы пачалі расследаваць, што адбываецца ў ваколіцы галоўнага лагістычнага цэнтра паставак дапамогі Украіне. У выніку там знайшлі яшчэ больш камер на чыгуначных станцыях і чыгуначных пераездах. Ужо ў сакавіку спецслужбы заявілі аб ліквідацыі групы шпегаў-дыверсантаў.

Дарэчы, менавіта праз Рэшаў, які амэрыканцы называюць Джэй-таун, перавозяць заходнія ўзбраенні на мільярды даляраў для Украіны. Рэшаў як лагістычны цэнтр пачаў дзейнічаць праз 48 гадзін пасля пачатку канфлікту ва Украіне.

Цяпер у аэрапорце Рэшава ўсталяваныя некалькі ўзроўняў сістэм супрацьпаветранай абароны, пастаўленых ЗША, Вялікай Брытаніяй і Польшчай. Амэрыканскія батарэі Patriot добра відаць з тэрыторыі аэрапорта.

Раней польскае выданне Rzeczpospolita паведаміла, што сярод затрыманых увесну ў Польшчы дыверсантаў былі беларусы і ўкраінцы.

Апошнія навіны