Палітолаг: «Генерал Мароз» ударыў па расейскіх тылах
- 11.01.2024, 22:18
Расейцы да гэтага часу жывуць ва ўмовах 19-га стагоддзя.
У Расеі здарыўся ацяпляльны калапс. У Падмаскоўі без ацяплення засталіся цэлыя гарады і нават стратэгічныя ваенныя аб'екты.
Чаму «звышдзяржава», як сябе любіць называць Расея, трапіла ў такое становішча? Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фясенкам:
– Яны хочуць здавацца звышдзяржавай. Яшчэ за савецкім часам з'явіўся такі тэрмін. А на Захадзе, ужо пасля краху СССР, Расею называлі «бензакалонка з ракетай».
Адна з галоўных прыкметаў статусу звышдзяржавы, ядзерная зброя, у РФ ёсць. Да гэтага дадаюцца вялізныя тэрыторыі, прыродныя рэсурсы, вялікае насельніцтва. Прыкметы «звышдзяржавы» быццам бы ёсць, а вось эканамічны патэнцыял ужо значна меншы. Ды і ён выкарыстоўваецца ў інтарэсах кіроўных вярхоў, якія ўзбагачаюцца, а не займаюцца развіццём краіны.
Так, пакуль былі (і яшчэ застаюцца) мільярды нафтадаляраў, нейкая частка з іх ідзе і на развіццё інфраструктуры. Але ідзе на такія праекты, якія павінны «гуляць на панты», знешнюю бачнасць звышдзяржавы. Я маю на ўвазе Крымскі мост, Алімпіяду ў Сочы, Чэмпіянат свету ў футболе і іншыя мегапраекты, якія можна было паказаць, маўляў, глядзіце, якія мы крутыя.
Адначасова ж на гэтым зараблялі. Напрыклад, на Крымскім мосце нядрэнна зарабілі браты Ратэнбергі ды іншыя пуцінскія алігархі.
Рэальным жа развіццём краіны, развязаннем сапраўдных праблемаў, амаль не займаліся.
– Чаму ацяпляльны калапс здарыўся менавіта цяпер?
– Фармальна гэтаму спрыяюць моцныя маразы. Гэта вонкавы штуршок, які выявіў праблему. Так бывала і раней, але цяпер гэта выявілася ў масавым парадку.
У большасці расейскіх буйных гарадоў, такіх урбанізаваных рэгіёнах, як Падмаскоўе, дзе жывуць мільёны людзей, камунальная інфраструктура засталася яшчэ савецкай. Нагрузкі на старую камунальную структуру, на цепласеткі стала значна больш, а сетка засталася ранейшай. Гэты разрыў рана ці позна павінен быў спрацаваць.
Памятаю, што яшчэ больш за 20 гадоў таму, у 2002 годзе, маскоўскія паліттэхнолагі заявілі, што іхні горад чакае інфраструктурны крызіс у 2009-м годзе. Яны мелі на ўвазе крызіс савецкай інфраструктуры. Гэта значыць, яны прагназавалі, што савецкая інфраструктура ў 2009 годзе пачне выходзіць са строю, а цяпер ужо 2024-ы.
Акрамя таго, дадатковым чыннікам, які працуе на правакаванне гэтага крызісу, з'яўляецца вайна. Большая частка расейскіх рэсурсаў цяпер ідзе на вайну супраць Украіны. Вайна фінансуецца, а камунальнымі інфраструктурамі не займаюцца, іх не мадэрнізуюць.
Яшчэ адну базавую прычыну назаву – аўтарытарны рэжым. У аўтарытарным рэжыме ўлады канцэнтруюцца на такіх канкрэтных сітуацыях, калі трэба кансалідаваць рэсурсы, запусціць адміністрацыйную машыну. Вось войнамі (хоць і абмежаваную колькасць часу) аўтарытарныя рэжымы могуць займацца. Хоць, як паказвае практыка, у выніку таксама церпяць крах.
З актуальнымі ж сацыяльнымі праблемамі аўтарытарныя рэжымы спраўляюцца вельмі дрэнна. Гэта выяўлялася і ў СССР, і ў сучаснай Расеі. Значная частка расейцаў да гэтага часу жыве ва ўмовах 19-га стагоддзя.
Аўтарытарныя кіраўнікі проста пускаюць пыл у вочы. Яны зарабляюць на карупцыі, крадзяжах і крадуць якраз з камунальных грошай. Часцей за ўсё іх не хвалюе рэальная сітуацыя з насельніцтвам. Іх непакоіць, што скажа галоўны кіраўнік – Пуцін.
У Падмаскоўі, напрыклад, таксама захавалася класічная сітуацыя з аўтарытарным рэжымам. Губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў на Новы год паехаў (відаць, з усім сваім атачэннем) на адпачынак далёка за межы Расеі. Яго своечасова не праінфармавалі, а далей ужо чыста расейская сітуацыя – на Новы год усе бухалі. Пра гэта пішуць і самі расейскія крыніцы.
Тыповая расейская сітуацыя – сышлі ў загул і забыліся, што ёсць рэальныя праблемы. Калі ж пачаліся крызісныя сітуацыі, то на выхад з запою спатрэбіўся час.
Як ні дзіўна, нават перадвыбарная кампанія Пуціна не згуляла тут галоўную ролю. Відаць, паліттэхнолагі Крамля ўбачылі, што цяпер размова ідзе ўжо не пра дэфіцыт яек, як летась, а пра камунальныя праблемы.
Як цяпер сумна жартуюць ужо ў самой Расеі, «генерал Мароз», які быў вядомым хаўруснікам РФ, ударыў па расейскіх тылах. Ён пачаў замарожваць не ЕЗ, а адданых Пуціну расейцаў.
– Расея патрапіла ў ацяпляльны крызіс перад «выбарамі» Пуціна. Ці паўплывае гэта неяк на глабальныя настроі расейцаў?
– Уплывае на настрой тых людзей, якія сутыкнуліся з гэтай праблемай. Прыкметнае ўздзеянне і ў электаральных рэйтынгах. Ускосна, лічбы ж ніхто не прыводзіць, але праблема ўжо стала электаральнай. У Крамлі спадзяюцца хутка залатаць гэтую дзірку, супакоіць людзей.
Самае галоўнае, што з часоў Сталіна ў Крамлі добра ведаюць, што перамагае не той, хто атрымоўвае больш галасоў, а той, хто іх лічыць. Вынік намалююць, ён ужо загадзя вядомы. На настроі ж расейцаў усё гэта паўплывала, як у вядомым анекдоце: «Лыжачкі дык знайшліся, а вось асадак застаўся!»
Былі яйкі, цяпер камунальныя праблемы, а заўтра можа ўзнікнуць нешта яшчэ. Паглядзім, думаю, што ў Расеі будзе прадаўжацца назапашванне структурных сацыяльных і эканамічных праблемаў. Гэта неўнікнёна.