Уладзімір Фясенка: Трамп можа стаць на дыбкі
- 24.01.2024, 23:02
Палітолаг расказаў, ці варта баяцца перамогі экс-прэзідэнта ЗША.
Былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп перамог на рэспубліканскіх праймерыз у адным з ключавых штатаў - Нью-Гэмпшыры, набраўшы амаль 55% галасоў.
Трамп атрымлівае не менш за 11 галасоў рэспубліканскіх дэлегатаў, а яго адзіная апанентка Нікі Хэйлі - не менш за восем.
Ці прадвызначаны зыход праймерыз Рэспубліканскай партыі ў ЗША? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў "Пента" Уладзімірам Фясенкам:
- Не з'яўляецца вялікай сенсацыяй, што Трамп - відавочны фаварыт, мяркуючы з розных амерыканскіх сацыялагічных апытанняў і летась, і ў пачатку гэтага года. У яго вельмі цвёрдае электаральнае ядро ў Рэспубліканскай партыі. Раўнацэннага канкурэнта ў яго не было.
Яшчэ перад першаснымі выбарамі ў Аёве многія спадзяваліся на тое, што калі два іншыя кандыдаты, Рон Дэсантыс і Нікі Хэйлі, разам набяруць больш за палову галасоў, тады яшчэ інтрыга захаваецца.
Што тычыцца Нью-Гэмпшыра, то Хэйлі засталася адна, без канкурэнтаў. Я б сказаў, што яна такая сярэдняя альтэрнатыва Трампу - не папулісцкі, класічны варыянт прадстаўніка Рэспубліканскай партыі.
Важна казаць аб тым, што тое, што адбываецца цяпер - гэта велізарная рызыка расколу амерыканскага грамадства. Нью-Гэмпшыр быў важны тым, што ў гэтым штаце было дастаткова шмат прыхільнікаў умеранай пазіцыі. Штат не з'яўляецца само па сабе ключавым, але было важным з пункту гледжання дэманстрацыі альтэрнатывы Трампу. Калі б Нікі Хейлі здолела б атрымаць больш за палову галасоў, то, паўтаруся, інтрыга б захоўвалася.
Цяпер жа шанцы таго, што Трамп будзе безальтэрнатыўным кандыдатам ад рэспубліканцаў, істотна павышаюцца. Яго каманда прыкладае вялікія намаганні, каб ён ужо цяпер, у пачатку праймерыз, застаўся адзіным кандыдатам. Яны хочуць прыбраць усіх канкурэнтаў.
Больш за тое, ведаю гэта і ад украінскіх дыпламатаў у ЗША, і ад амерыканскіх экспертаў, Трамп імкнецца стаць дыктатарам у Рэспубліканскай партыі - безальтэрнатыўным лідарам. Менавіта таму ён ліквідуе канкурэнтаў, цісне на іх і іх фундатараў.
Мне здаецца, што Нікі Хэйлі змагаецца зараз не столькі з Трампам, колькі за сваю палітычную будучыню, перспектыву пасля Трампа.
Цяпер ніхто не ведае, чым наогул скончыцца цяперашняя гісторыя, бо Трамп справакаваў наймацнейшыя ўнутраныя супярэчнасці ў ЗША пасля Грамадзянскай вайны ў 19-ым стагоддзі. Так, былі супярэчнасці, барацьба рэспубліканцаў і дэмакратаў, але заўсёды дамінавала ўмеранае крыло.
Менавіта фігура Трампа расколвае амерыканскае грамадства на яго прыхільнікаў і апанентаў. Галоўная праблема нават не ў магчымай перамозе Трампа на выбарах, а менавіта ў гэтым факце расколу. Раскол можа негатыўна выявіцца і падчас выбараў, і пасля іх, як было пасля выбараў 2021-га года ў ЗША, калі прыхільнікі Трампа нават спрабавалі штурмаваць Кангрэс.
- Заходнія СМІ, апісваючы сцэнар магчымага нападу РФ на краіны NATO, сыходзяцца ў тым, што небяспекай для Еўропы можа стаць абранне Трампа. Ці будзе Трамп абараняць Еўропу ад магчымага нападу з боку РФ, калі стане прэзідэнтам?
- Выказваюцца розныя меркаванні на гэты конт. Тэза, што Трамп не будзе абараняць Еўропу ў выпадку нападу РФ, папулярная ў ЕЗ. Многія еўрапейскія палітыкі і каментатары так думаюць, але не ўсе. Процілеглае меркаванне выказаў нядаўна, напрыклад, былы прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан. Ён мяркуе, што будзе наадварот.
Умераныя рэспубліканцы таксама мяркуюць, што не трэба занадта дэманізаваць Трампа. Усё ж ён павінен будзе дзейнічаць у нацыянальных інтарэсах ЗША. Еўрапейскія ж каментатары спасылаюцца на словы самога Трампа, які, калі яшчэ быў прэзідэнтам ЗША, у палеміцы з еўрапейскімі лідарамі, сказаў, маўляў, калі вы не хочаце плаціць у бюджэт NATO на ўзроўні 2% ад ВУП, то тады мы не будзем вас абараняць у выпадку нападу РФ. Але цяпер іншая сітуацыя.
Прывяду гістарычныя аналогіі. Падчас дзвюх сусветных войнаў у ЗША дамінавалі ізаляцыянісцкія настроі. Большасць амерыканцаў не хацелі ваяваць у Еўропе. ЗША не ўступалі ў Другую сусветную вайну да моманту нападу японцаў на Пэрл-Харбар. Пасля гэтага яны ўключыліся ў ваенныя дзеянні ў Еўропе.
Дапусцім, чыста тэарэтычна, што раптам РФ нападзе на Еўропу, а Трамп будзе прэзідэнтам ЗША. У пачатку Трамп можа сказаць, маўляў, "няхай яны разбіраюцца" ці "давайце я дапамагу ўстанавіць мір". Але калі падзеі будуць развівацца драматычна, крытычна, а тым больш за Расею будзе Кітай, то ЗША будуць вымушаныя як мінімум дапамагаць Еўропе.
Дарэчы, думаю, што нават у Рэспубліканскай партыі будзе шмат крытыкаў выхаду ЗША з NATO, бо гэта азначацьме не веліч Амерыкі, а слабасць. Адмова ад лідарства ў сучасным свеце. Гэта будзе супярэчыць самой ідэалогіі трампізма, сутнасць якой у знакамітым лозунгу «Вернем Амерыцы былую веліч».
Праблема Трампа не ў тым, што ён не будзе дапамагаць Украіне ці Еўропе ў выпадку расейскага нападу. Праблема ў яго несістэмнасці, палітычнай эклектычнасці, калі ён відавочна сімпатызуе моцным дыктатарам - Пуціну, Сі Цзіньпіну.
Ёсць у Трампа такія вывіхі, дэфармацыі, але маецца і досвед першага прэзідэнцтва. Ён жа сімпатызаваў Пуціну, хацеў з ім дамовіцца, некалькі разоў з ім сустракаўся і вёў шматгадзінныя размовы. Чым усё ў выніку скончылася? Не паляпшэннем, а пагаршэннем амерыкана-расейскіх стасункаў. Пуцін у аніводным пытанні не хацеў ісці на саступкі ЗША.
Нядаўна ў Давосе мы сустракаліся з амерыканскімі дыпламатамі Куртам Волкерам і Джонам Хербстам, яны, можна сказаць, нас супакойвалі, нагадвалі гісторыю прэзідэнцтва Трампа. У тым ліку і тое, што тады ў Трампа ў замежнапалітычным і сілавым блоку былі прадстаўнікі традыцыйнага рэспубліканскага крыла. Іх пазіцыя палягала ў тым, што ворагаў Амерыкі трэба стрымліваць сілавым шляхам.
Калі другое прэзідэнцтва Трампа адбудзецца, і ў яго сілавым і замежнапалітычным блоку будуць такія ж людзі, то тады ён будзе праводзіць дастаткова традыцыйную сілавую палітыку ЗША. Многае будзе залежаць менавіта ад таго, хто будзе на ключавых пасадах: дзяржсакратара, міністра абароны, дарадцы ў нацыянальнай бяспецы і гэтак далей.
Пакуль я не схільны да апакаліптычных чаканняў, што ўсё, Трамп здасць і Украіну, і Еўропу. Але кіданне, непаслядоўнасць, спробы дамовіцца з Пуціным, магчымыя.
Трамп можа паспрабаваць спыніць вайну ва Украіне, але калі ён сутыкнецца з жорсткай пазіцыяй РФ, а тым больш калі будзе супольная пазіцыя Расеі і Кітая, то Трампа можа кінуць у іншы бок.
Калі ён убачыць, што Пуцін хоча саступак ад ЗША, то Трамп можа стаць на дыбкі. Таму паглядзім, пакуль рана рабіць высновы.