BE RU EN

Аляксандр Хацкевіч: Чаму Домрачава і Сабаленка маўчаць пра вайну ва Украіне?

  • 4.01.2024, 18:35

Вострае інтэрв'ю зорнага футбаліста для сайта Charter97.org.

Аляксандр Хацкевіч - сапраўдная легенда ўкраінскага і беларускага футбола. На мяжы 90-х ён быў адным з ключавых гульцоў кіеўскага «Дынама», які даваў чаду ў Лізе чэмпіёнаў, а ў 2017 вярнуўся ў каманду ў якасці галоўнага трэнера, паспеўшы да гэтага “пакіраваць” камандай Беларусі.

"У мяне будзе просьба, у расейскай мове краіны пішуцца з вялікай літары, але расея для мяне сёння не краіна, папрашу ў інтэрв'ю пісаць з маленькай літары", - пазначыў сваю пазіцыю перад інтэрв'ю з намі Хацкевіч.

У інтэрв'ю сайту Charter97.org вядомы трэнер і футбаліст распавёў, у чым сакрэт украінскага супраціву, назваў адрозненні ў менталітэце беларусаў і ўкраінцаў, паставіў дыягназ беларускаму футболу і адказаў зоркам спорту, якія маўчаць аб вайне ва Украіне.

“Шмат разоў прапаноўвалі змяніць грамадзянства, але застаюся беларусам”

- Аляксандр Мікалаевіч, усе цяпер падводзяць вынікі 2023-га. Якім ён выдаўся для вас?

- Год, напэўна, як і для ўсіх, хто перажывае за Украіну, дастаткова цяжкі.

Што да сваіх асабістых момантаў, то па вяртанні з Кіпра (Аляксандр Хацкевіч трэніраваў кіпрскі клуб “Карміёціса” - заўв.) мы з сям'ёй засталіся ў Еўропе. Бо трэба было развязваць пытанне легалізацыі.

Чаму? На Кіпры скончылася шэнгенская віза, я не мог вярнуцца назад у Еўропу. Блізу чатырох месяцаў чакаў візу, каб вярнуцца. З нашым беларускім пашпартам дастаткова цяжка сёння гэта ўсё зрабіць. Але ў Польшчы з’явілася такая магчымасць. Нашай сям'ёй была прынятая пастанова зрабіць дакументы, каб можна было спакойна вярнуцца ва Украіну. А з Украіны можна было з нашым беларускім пашпартам выехаць у Еўропу.

- Чым вы зараз займаецеся? Апошняя інфармацыя, якую ўдалося знайсці ў адкрытым доступе - трэнер-кансультант у польскай аматарскай камандзе “Скра”.

- Хтосьці выдаў жаданае за сапраўднае, што я кансультант. Не, увесь гэты час езджу на дабрачынныя матчы ў падтрымку ўкраінскіх дзяцей, якія сёння пакінулі свае дамы і жывуць у іншых краінах. Займаюся гэтай вялікай дабрачыннай акцыяй.

- У вас жа юбілей у 2023 годзе яшчэ быў - 50 гадоў.

- Так, мы старэйшымі становімся. Але нічога страшнага. Галоўнае, што ў галаве ў цябе і як ты сябе адчуваеш.

- Большая частка вашай кар'еры прайшла ва Украіне, якая ўжо два гады ваюе. Вы ж добра ведаеце ўкраінцаў. У чым іх галоўны сакрэт? Чаму расея атрымала такі магутны адпор, лічы - паламала зубы аб Украіну?

- Паламае, калі будзе перамога. Сёння яна ламае зубы аб Украіну. Чаму? Спачатку я магу такі прыклад прывесці. Першае - украінскі народ незалежны і любіць незалежнасць. Калі ў 90-х гадах у Белавежскай пушчы была падпісаная дамова, многія былыя савецкія рэспублікі ўздыхнулі і адмовіліся ад гэтага камуністычнага мінулага. Усе хацелі незалежнасці.

Таму Украіна любіць незалежнасць, народ любіць незалежнасць, яны ішлі да гэтага ўвесь час. І калі пачалася вайна, то спачатку трэба было пачытаць і вывучыць словы гімна Украіны, што "душу і цела мы пакладзём за нашу свабоду".

Што другое? Характар, які ёсць ва ўкраінцаў. Ведаеце, чаму мы ўсё яшчэ ваюем? Бо мы лепш памром, чым будзем расеяй. Ёсць такі лозунг. І вось гэтая прага свабоды, прага жыцця, якая была ва Украіне да ўварвання, людзі яе шануюць і разумеюць, што калі, не дай Бог, расея там будзе вяршэнстваваць, усё скончыцца.

Таму што самае галоўнае - гэта свабода і выказванне сваіх думак, свайго меркавання. Ва Украіне ты можаш спакойна крытыкаваць прэзідэнта, крытыкаваць урад. Я жыву ва Украіне з 1996 года, размаўляю на расейскай мове. Ніякіх праблем няма.

АЛЯКСАНДР ХАЦКЕВІЧ І ВАЛЯНЦІН БЯЛЬКЕВІЧ

- Адчуваеце сябе крыху украінцам?

- Ведаеце, я ўсё адно беларус, бо мне не раз прапанавалі змяніць грамадзянства, памяняць пашпарт. Але я люблю сваю краіну. Так, я нарадзіўся яшчэ ў БССР, за савецкім часам. Але Беларусь - гэта краіна, якая дала мне жыццё. Вядома, я ведаю вельмі добра ўкраінскі менталітэт, добра разумею іх мову, магу размаўляць па-украінску, але не так чыста, як хацелася б.

- Ці ёсць розніца ў менталітэце паміж украінцамі і беларусамі?

- Вядома. Калі пра футбол казаць, калі я прыехаў, па ўсёй Украіне былі такія плакаты, што наша мэта - Чэмпіянат свету 1998. Аднак не трапляе ўкраінская каманда на гэты форум. Потым з'яўляецца зноў: наша мэта - чэмпіянат Еўропы. Ізноў не патрапілі. У выніку ўкраінцы трапляюць, бо ёсць у людзей мэта, ёсць мара, яны ідуць да гэтай мары, дамагаюцца. Што тычыцца беларусаў, вось тыя ж словы гімна, якія ў нас: "Мы, беларусы - мірныя людзі", - і ўсё.

"Футбалістаў з расеі для мяне сёння не існуе"

- Ва УСУ цяпер ваююць многія людзі, звязаныя з футболам. Шмат вашых знаёмых на фронце?

- Сказаць, што там хтосьці на нулявым рубяжы, такіх вось у мяне знаёмых хлопцаў няма. Ёсць тыя, якія валанцёраць і бываюць там.

- Ці ёсць людзі са свету футбола, з якімі вы перасталі размаўляць пасля пачатку вайны?

- Не магу сказаць, што я перастаў размаўляць з кімсьці са свету футбола. Зразумела, што былі некалі знаёмыя, калі гуляў яшчэ ў Савецкім Саюзе, былі там кантакты з тымі ж футбалістамі маскоўскага "Спартака". Але на сённяшні момант іх проста для мяне не існуе.

- А хто-небудзь з беларускіх і расейскіх калег патэлефанаваў пасля пачатку вайны і спытаў: "Аляксандр, як ты там?"

- Ніводнага званка не было.

- Пасля пачатку вайны паміж беларусамі і ўкраінцамі іскрыла, пачаліся абвінавачанні. Як зараз ва Украіне ставяцца да беларусаў?

- Ведаеце, важная пазіцыя, і яна павінна быць дакладнай і зразумелай. Тут няма сёння паўмер такіх: ты ці на гэтым баку, ці ты на тым баку. Можаш размаўляць на беларускай мове, можаш размаўляць на расейскай мове, але патрэбная дакладная пазіцыя. Тады да цябе будзе такое ж стаўленне з боку Украіны, украінскіх людзей.

Фотa: UNIAN

- А нашых хлопцаў-добраахвотнікаў добра ведаюць?

- Скажу за сябе. У мяне з імі ёсць тэлефонны кантакт, гэта тыя людзі, якія заслугоўваюць менавіта маёй павагі, таму што ў мой дом прыйшлі, ва Украіну прыйшлі вераломна, прыйшлі ноччу, як усе гавораць.

Аб іх трэба казаць, таму што добраахвотнікі сталі на абарону майго дома. Калі б у Беларусь прыйшлі, не дай Бог, як ва Украіну ў 2014 годзе "зялёныя чалавечкі", а з часам увайшлі б танкі, а затым прыйшоў бы ўкраінец або грузін абараняць Беларусь, я б таксама іх паважаў. Чаму я не павінен паважаць беларусаў, якія ваююць і гінуць за тое, каб Украіна была свабоднай?

“Чаму беларускім футболам кіруе аграрый?”

- Сочыце за тым, што адбываецца ў беларускім футболе сёння?

- Нейкія матэрыялы трапляюцца. Але сказаць, каб я бачыў гульні чэмпіянату ці бачыў гульні каманды, то апошнія два гады мне нецікавы ўвогуле гэты чэмпіянат і каманда, бо я там дакладна нічога не ўбачу з прафесійнага пункту гледжання.

- Які дыягназ вы б маглі паставіць зараз беларускаму футболу?

- Гэта крызіс. Моцны крызіс. Давайце паглядзім на рэйтынг нацыянальнай каманды. Яна ўжо нават у сотку, па-мойму, не трапляе сёння. Пасля паглядзім клубныя рэйтынгі як самой Беларусі, так і асобных клубаў. На сённяшні момант для мяне гэта ніякая не стагнацыя, беларускі футбол проста аддаліўся на вельмі вялікую адлегласць ад еўрапейскага.

- Вось таксама такі паказальны момант. Найлепшым гульцом Беларусі сёлета назвалі Макса Эбанга, хаця Ілля Шкурын праводзіць проста надзвычайны сезон у польскім клубе “Сталь”. Пра што можа казаць такі выбар?

- Як гаворыцца, выбары ёсць, выбару няма. Вось вы кажаце Эбанг. Я не магу сказаць нават, дзе гэты футбаліст гуляе.

- Гуляе ў Казахстане, у “Астане”. Па-мойму, паўабаронца.

- Калі прызнаецца гульцом года футбаліст, які гуляе ў Казахстане, а не прызнаецца футбаліст, які гуляе ў еўрапейскім чэмпіянаце, а пра яго тут кажуць, ён мае добрую прэсу, то, напэўна, гэта такія ж выбары, як і прэзідэнцкія “выбары” ў 2020 годзе. годзе.

- А як вам наогул Ілля Шкурын? У яго ёсць патэнцыял? Ці можа ён згуляць у нейкім топавым чэмпіянаце?

- Ён у Польшчы нядрэнна сябе паказвае. Не магу сказаць, што бачыў усе гульні. Быў тут на гульні з варшаўскай «Легіяй», калі Ілля вельмі вынікова згуляў гэты матч і каманда перамагла аднаго з лідараў (Шкурын забіў гол і аддаў два галявыя пасы — заўв.).

Плюс у аглядах гляджу, што ён дастаткова эфектыўны ў сваёй камандзе. Але гэта першы год толькі, Ілля за гэтыя паўгода, якія ён знаходзіцца ў Польшчы, дастаткова добра адаптаваўся. Таму ў яго ёсць магчымасць і перспектыва патрапіць у мацнейшы клуб у Польшчы. Таму што нападнікі сілавога плана тут шануюцца. У яго ўсё наперадзе, ён яшчэ дастаткова малады.

- А чаму ў яго не атрымалася згуляць у тым жа кіеўскім “Дынама”

- Ведаеце, у “Дынама” іншы футбол, футбол пазіцыйны. І ўсё ж Ілля больш сілавы гулец, дзесьці больш на контратаках прадушыць… Таму не кожны нападнік у кіеўскім “Дынама” зможа гуляць.

Можа быць, мала часу, даверу трэнера не ставала. Плюс ён прыехаў у іншы чэмпіянат, Кіеў гуляе ў іншы футбол. Можа, хацелі, каб ён дадаў моцы недзе “Дынама”.

Аднак Ілля атрымаў досвед гульні ў Лізе чэмпіёнаў. Сёння які беларускі футбаліст можа пахваліцца, што ён гуляў у ЛЧ супраць "Баварыі", "Бенфікі"? Усё роўна гэты перыяд пайшоў у яго скарбонку, у яго досвед. І гэта таксама, мусіць, той момант, які дапамагае яму сёння ўпэўнена выглядаць у чэмпіянаце Польшчы.

Ілля Шкурын

- У бытнасць трэнерам кіеўскага Дынама вы давалі шмат практыкі маладым гульцам. Той жа Віктар Цыганкоў, які зараз у гішпанскай “Жыроне” сябе цудоўна паказвае, Віталь Мікаленка ў ангельскім “Эвертане”. Ці могуць у Беларусі быць такія маладыя таленты?

- Вядома, з маладымі цікава працаваць, але часам вельмі складана. У тых футбалістаў, якіх вы назвалі, ёсць футбольная адукацыя, у іх менталітэт, павага да трэнера вельмі высокая, яны дастаткова інтэлектуальныя хлопцы.

Другі момант - Міколенка, Цыганкоў, яны не глядзелі на Усход кудысьці, хлопцы глядзяць на Захад. Віця добра англійскую мову ведае. Віталь Міколенка, гуляючы ўжо за першую каманду "Дынама", таксама. Ведаю, што прыходзіў настаўнік на базу і паміж трэніроўкамі ён вывучаў англійскую мову. Таму што ставяць мэты перад сабой хлопцы з'ехаць у топ-чэмпіянаты. І рана ці позна яны разумелі, што гэта здарыцца. Нехта раней з'ехаў, нехта пазней. Але самае галоўнае, што ў іх мэтанакіраванасць ёсць.

Вы кажаце пра беларускіх футбалістаў, але сёння беларускі футбаліст глядзіць толькі ў бок гэтай недакраіны расеі. І што яны бачаць? Якую перспектыву ў гэтым? Не магу зразумець.

Калі паглядзець, я нават не ведаю, у якіх камандах гуляюць футбалісты, якія з'язджаюць з Беларусі. Чамусьці ў бок Еўропы глядзяць толькі адзінкі.

Гэта сведчыць аб тым, што няма ўпэўненасці, таму што на Захадзе новы менталітэт, новыя патрабаванні, трэба падладжвацца. Калі яны думаюць, што пяройдуць у расею і падвысяць свой прафесійны ўзровень, - гэта шлях у нікуды.

І сёння мы бачым расею: ні каманда, ні клубы не маюць права міжнародных гульняў. І глядзець сёння ў бок расеі - у маім разуменні, як прафесіянала, прафесійнага футбаліста, гэта проста няўпэўненасць у сваіх сілах.

- Атрымліваецца, што з'яўленне ў Беларусі гульцоў узроўню Валянціна Бялькевіча, Аляксандра Глеба - гэта хутчэй выключэнне з правілаў?

- Гэта выключэнне. Ніводны беларускі футбаліст сёння нават побач з Валікам не стаіць.

- Ці можа быць у Беларусі футбол высокага ўзроўню? Ці мы проста нефутбольная краіна? Можа, варта засяродзіцца на іншых відах спорту? Той жа гандбол, дзе ў нас ёсць нейкія поспехі.

- Вы кажаце “нефутбольная краіна”. Хто футболам кіруе сёння?

- Міністр спорту - былы ахоўнік Лукашэнкі.

- Не, гэта міністр. Футбол - гэта АБФФ.

У мой час там быў лётчык, потым раварыст быў, Румас. Быў палкоўнік Базанаў. Сёння - аграрый (выпускнік Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны ў спецыяльнасці «Заатэхнія» Віктар Шарстнёў - заўв.).

А дзе футбольныя людзі? Калі хакеем кіруе байдарачнік, тэнісам - гандбаліст, то пра якое развіццё можа ісці гаворка? Чаму гэтыя людзі, якія менавіта профільныя, якія кіруюць хакеем, гандболам, тэнісам, яны не ў сваіх федэрацыях у веславанні, у гандболе? Мяне пастаў сёння веславаннем кіраваць - я так навяслую, што будуць ехаць у адзін бок двойкі, васьмёркі, чацвёркі, а мы будзем у іншы бок плысці.

- Выходзіць, што рыба гніе з галавы?

- Не можа дзяржава кіраваць усім. Спорт мусіць быць прафесійным і прыватным. Так, вядома, павінна быць Міністэрства спорту, якое кантралюе алімпійскія віды спорту. Але ўсё адно спартоўцы павінны быць у арганізацыі, у клубах, якія фінансуюцца прыватным спосабам.

І калі ў Беларусі кажуць: "Колькі можна карміць спорт?" Вы адпусціце, вы паспрабуйце, дайце людзям, каб яны ўклалі свае грошы, каб яны патрабавалі вынік, каб яны маглі даваць заробкі, якія яны хочуць, каб яны маглі запрасіць легіянераў, за кошт якіх можна падняць сёння кожны від спорту.

Але калі дзяржава кантралюе, колькі ты павінен атрымліваць, устанаўлівае столь заробкаў, калі ёсць абмежаванні на выезды, на зборы, то пра якое развіццё можа быць гаворка? А потым кажуць, што яны "праядаюць дзяржаўныя грошы". Спорт мусіць быць прыватным.

- Вы, напэўна, ужо паспелі паглядзець футбольную інфраструктуру ў Польшчы. Калі параўноўваць з беларускай: на галаву вышэй, на дзве галавы вышэй? Ці можна ўвогуле параўноўваць?

- Магу сказаць, што я быў не толькі на гульнях “Экстракласы” (вышэйшы дывізіён футбольнага чэмпіянату Польшчы - заўв.). Тут ёсць хлопцы, якія працуюць і ў другой лізе, і ў першай. Сама інфраструктура - гэта не толькі карцінка па тэлевізіі, якая паказваецца, што там стадыёны, збіраецца па 3 000 – 5 000 на гэтых гульнях заўзятараў. Гэта я кажу пра другую лігу, першую, не пра “Экстракласу”.

Усё гэта настолькі далёкае ад Беларусі. Здаецца, тут 500 кіламетраў да горада Менска, 200 кіламетраў да мяжы. Але мы настолькі ў плане футбола і інфраструктуры адсталі… Гэтыя манежы, якія пабудавалі ці надзьмулі, дык яны ў Польшчы ўжо гадоў 20 таму былі.

"Сістэма моцна трымае Глеба за яйцы"

— Вы не хаваеце сваёй пазіцыі ў дачыненні да вайны і таго, што адбываецца ў Беларусі. Чаму многія зоркі спорту маўчаць у наш час?

- Сёння гэта зручна, ведаеце, сказаць, што “спорт па-за палітыкай”. Але вы ж усё роўна ўяўляеце дзяржаву, якая сёння дапамагае той краіне, якая ваюе ва Украіне.

- Узяць тую ж Сабаленку. Чаму яна баіцца выказаць пазіцыю? Бегае ад журналістаў. Нібыта забяспечаны і паспяховы чалавек.

- Гэта незалежныя людзі, яны мільянеры, у асноўным жывуць у Амерыцы. Дык, у іх бацькі ў Беларусі, але ў мяне таксама бацькі ў Беларусі. Дык, у мяне з імі розныя пазіцыі. Але гэта ўсё адно мае бацькі, і я іх не магу ўбачыць сёння. Яны не могуць мяне ўбачыць, а гэта найбліжэйшыя людзі.

Але я не магу маўчаць у гэтай сітуацыі. Бо Украіна і Беларусь побач. Не дай Бог, каб беларусы адчулі вайну на сабе.

Зразумела, што нам, хто ў той жа Украіне ці за мяжой, казаць лягчэй. Аднак трэба разумець сітуацыю. Тое, што адбываецца зараз ва Украіне, гэта самая сапраўдная вайна. А людзі ўсё жадаюць назваць "сітуацыяй". "Нейкая сітуацыя адбываецца ва Украіне". Гэтае слова - вайна.

Нельга сказаць слова “вайна”, што “ва Украіне ідзе вайна”, што “я супраць вайны”!?

Сабаленка кажа: “Кожны нармальны чалавек супраць вайны”. Дык ты скажы, што я супраць вайны ва Украіне. Гэта цяжка сказаць!? Домрачавай цяжка сказаць, што яна супраць вайны ва Украіне!?

- Гэтыя людзі маўчаць. А вось, напрыклад, Аляксандр Глеб фатаграфуецца з Азаронкам, ходзіць на прапагандысцкія шоў. Як вы думаеце, ён сапраўды ідэйны прыхільнік гэтага рэжыму?

- Калі гэта свядомы выбар Глеба, то мне яго вельмі шкада. Магчыма, гэта адплата за нейкія яго памылкі, сістэма трымае яго за яйцы (магчыма, гаворка ідзе пра ДТЗ са смяротным зыходам, учыненае Глебам - заўв.). Чалавек усю сваю кар'еру гуляў у еўрапейскіх чэмпіянатах, заўсёды мог з'ехаць за мяжу.

Таму ён чалавек сістэмы сёння. І тое, што ён ходзіць з Азаронкам… Калі гэта вяшчае з тэлевізіі і такая жоўць ляціць з экранаў, то мне вельмі страшна за будучае пакаленне беларусаў.

Заўсёды ёсць два бакі. Мая пазіцыя - гэтыя людзі хлусяць, і хлусяць нахабна.

Разважлівы чалавек можа заўсёды знайсці падставу, каб не фатаграфавацца і не быць у кампаніі з такімі вырадкамі.

- Ці верыце вы ў перамены ў Беларусі? Калі і пры якіх умовах яны могуць прыйсці ў нашай краіне?

- Вы ведаеце, усяму калісьці прыходзіць канец. І вайна скончыцца. Мне адзін вайсковец сказаў цікавую рэч: вайна не скончыцца на полі бою, усё адно палітыкі яе скончаць. Вайскоўцы – яны ваююць. Тое самае і ў Беларусі, усё некалі скончыцца. Калі? Гэтага дакладна я сказаць не магу.

На сённяшні момант трэба набрацца цярпення тым людзям, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі. Вы ведаеце, калі ў 2020 ці ў 2015 годзе былі выбары, размаўляеш з людзьмі - ніхто не галасаваў за Лукашэнку. Але ён чамусьці на пасадзе. Трэба разумець, што сёння гэтую ўладу выбарамі дакладна не памяняць.

- Ці прынялі б вы прапанову папрацаваць у Беларусі ў сферы футбола, калі б у краіне адбыліся змены?

- За апошнія два гады, напэўна, тыя людзі, якія бачылі вайну, навучыліся жыць сённяшнім днём і радавацца яму.

Таму сёння казаць, што прыняў бы я прапанову ці не прыняў... Сёння я вельмі хачу вярнуцца ва Украіну. І як толькі ў мяне і ў маёй сям'і з'явіцца гэтая магчымасць, мы скончым усе свае пытанні з дакументамі, мы вернемся ва Украіну, незалежна, якая б там сітуацыя не была.

Гэта самае галоўнае. І мы жывём. Мы прачнуліся сёння, прачыталі навіны, што ва Украіне быў цяжкі дзень (інтэрв'ю было запісана пасля маштабнай атакі расейцаў на Кіеў 29 снежня 2023 года, калі загінула 30 чалавек - заўв.). Сёння лягчэй, але лягчэй умоўна, усё адно вайна ў краіне.

Прыняў бы, не прыняў, - гэта ўжо, ведаеце, будзе магчымасць - я заўсёды рады вярнуцца ў Беларусь і працаваць у Беларусі. Але сёння я нават не магу вярнуцца і пабачыць сваіх бацькоў.

Апошнія навіны