BE RU EN

Аркадзь Мошэс: Захад развітаўся з памылковай палітыкай у дачыненні да Лукашэнкі

  • 9.01.2024, 17:52

Дыялог з рэжымам стаў немагчымым.

Дырэктар даследчай праграмы па Расеі, Усходнім суседстве ЕЗ і па Еўразіі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненняў Аркадзь Мошэс у інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў меркаванне, што Захад доўгі час праводзіў дурную і безвыніковую палітыку ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Сітуацыя пачала мяняцца ў лістападзе 2020 года. Сёння, хоць гэта і не дэкларуецца, палітыка ў дачыненні да дыктатара стала ультыматыўнай.

- Рэжым Лукашэнкі адклікаў амбасадара са Швэцыі, сам беларускі кіраўнік распавядае, што «Захад паспрабуе выпрабаваць Беларусь на трываласць» на будучых «выбарах», але адначасова Лукашэнка кажа пра мір. Чаго ён сёння насамрэч хоча: эскалацыі ці прымірэння?

- Мяркую, што ён хоча не эскалацыі, а наадварот - дээскалацыі. Але не прымірэння, бо Лукашэнка, напэўна, разумее, што гэта немагчыма датуль, пакуль у Беларусі знаходзіцца такая колькасць палітвязняў.

Лукашэнка, відавочна, хоча, каб паволі напружанне памяншалася ў той ступені, у якой будзе гэта прымальна для яго. Ён павінен да гэтага імкнуцца хаця б таму, бо 2023 год паказаў, што беларуская замежная палітыка вельмі асядае. Яна выглядае абсалютна безвыніковай, а гэта прыводзіць да страты Беларуссю рэшткаў статусу дзейнай асобы ў сур'ёзнай сусветнай палітыцы.

Летась стала зразумела, што шантажаваць Захад ні ядзернай зброяй, ні «вагнераўцамі» не атрымліваецца. Але пры гэтым не працуюць і публічныя выказванні гатоўнасці пачаць наладжваць дыялог з Захадам. Пазіцыі Беларусі слабеюць нават на постсавецкай прасторы. Абмен заявамі адбываецца найперш з Ерэванам, бо прэм'ер-міністр Арменіі не едзе ў Менск на саміт АДКБ, але і з прэзідэнтам Казахстана. Лукашэнка малюе адну карціну свету (трэба рыхтавацца да вайны), а Казахстан дае зразумець, што, маўляў, хлопцы, калі да вайны, то гэта ваша вайна, а не наша.

Калі казаць пра «глабальны Поўдзень», а менавіта БРІКС і Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва (ШАС), то Беларусь так і не стала паўнапраўным сябрам ніводнай з гэтых арганізацый. Расея і Кітай у гэтым пытанні працягваюць трымаць Беларусь на сярэдняй дыстанцыі і відавочна не гараць жаданнем спяшацца з яе прыёмам.

Па аніводным з гэтых пытанняў не адбываецца руху наперад. Чаму? Відаць, таму што Менск перастаў успрымацца як суб'ект міжнароднай палітыкі, найперш — на Захадзе, але не толькі на Захадзе. Беларусь успрымаецца як геапалітычны працяг Расеі з пэўнай аўтаноміяй ва ўнутранай палітыцы.

Відавочна, разумеючы гэта, Лукашэнка і спрабуе дэманстраваць, што ён імкнецца да дээскалацыі стасункаў з Захадам. Толькі гэта дазволіла б Менску хоць неяк пашыраць сваю прастору для манеўру.

- Давайце возьмем прыклад Польшчы. У краіне памяняўся ўрад, а ў Беларусі ў турме знаходзіцца лідар польскай дыяспары Анджэй Пачобут. Калі Лукашэнка імкнецца да дээскалацыі, чаму ён не можа зрабіць такі просты жэст - адпусціць Пачобута?

- Гэта ў яго трэба пытацца, чаму ён гэтага не робіць. Магчыма таму, што Лукашэнка ж палітык з адной кагорты з Пуціным, ён не вельмі разумее карысць аднабаковых жэстаў. Ён абвык думаць у катэгорыях размену. Павінна быць недзе абгаворана, што калі Лукашэнка кагосьці адпускае, то сітуацыя адразу мяняецца. А гэта практычна немагчыма. Ніхто на Захадзе, і Варшава ў тым ліку, ніякіх фармальных абавязацельстваў такога кшталту браць не будзе.

Адзначу яшчэ, што вызваленнем аднаго чалавека сітуацыю ў двухбаковых стасунках з Польшчай ужо не выправіць. Як гэта, напрыклад, адаб'ецца на сітуацыі на беларуска-польскай мяжы, дзе ўсё яшчэ застаецца даволі балючая праблема з мігрантамі, якую ў 2021 годзе ўласнаручна стварыў Лукашэнка?

Калі б у Лукашэнкі былі б іншыя замежнапалітычныя дарадцы, то яны маглі б яму параіць пачаць з жэсту добрай волі і паглядзець, што атрымаецца. Але мне падаецца, паколькі Лукашэнка сам свой галоўны замежнапалітычны дарадца, то ён чакае з польскага боку прапановаў аб гандлі. Але ўсякі ўрад Польшчы выглядаў бы вельмі непрыгожа, калі б, дамогшыся вызвалення аднаго з тысяч беларускіх палітвязняў, пайшоў на змену сваёй палітыкі на адрас Беларусі.

Таму разлічваць на тое, што змена ўрада Польшчы нешта памяняе ў плане беларускай палітыкі Варшавы, я не стаў бы. У гэтым урадзе прэм'ер-міністр (Дональд Туск - заўв.) думае агульнаеўрапейскімі катэгорыямі. А ў міністра замежных спраў (Радослава Сікорскага - заўв.), відавочна, няма вялікага жадання ісці на міравую з Лукашэнкам.

- Вы сказалі, што «Лукашэнка сам сабе замежнапалітычны дарадца». Калі б ён захацеў рэальную перазагрузку ў стасунках з Захадам, ці дазволілі б яму ў Крамлі? Наколькі Лукашэнка вольны ў сваіх дзеяннях сёння?

- Вядома ж, ён не з'яўляецца цалкам свабодным у сваіх дзеяннях, поле для манеўру ў Лукашэнкі выключна вузкае. Але ў пытанні палітвязняў, як мне падаецца, Лукашэнка вольны паводзіць сябе больш свабодна, чым у геапалітычных ці вайсковых пытаннях. Ён мог бы нешта паспрабаваць зрабіць.

Аднак сённяшняя пазіцыя Захаду, хоць гэта наўпрост не агучваецца, з'яўляецца ультыматыўнай. Захад не будзе весці перамовы ў пытанні аб палітвязнях, іх поўнае вызваленне ёсць папярэдняя ўмова для дыялогу, а не прадмет гандлю. Калі б усе паўтары тысячы палітвязняў выйшлі б заўтра на волю, то, я думаю, Захад паспрабаваў бы зрабіць нейкі крок насустрач, а ў Масквы проста не было б часу і магчымасці неяк жорстка адрэагаваць. Агулам у пытанні аб палітвязнях Лукашэнка ўсё яшчэ суб'ектны.

- Шмат у чым гісторыя кіравання Лукашэнкі была цыклічнай: выбары, рэпрэсіі, санкцыі Захаду, гандаль палітвязнямі, дыялог - і так па коле. Ці разбураная гэтая схема канчаткова?

- Думаю што так. Яна пачала разбурацца яшчэ ў 2020 годзе, прычым не ў жніўні, а праз некалькі месяцаў. Давайце прыгадаем, што да лістапада Лукашэнка асабіста не быў пад санкцыямі Захаду. Захад і асабліва ЕЗ, ніяк не наважвалася развітацца са сваёй вельмі памылковай палітыкай узаемадзеяння з рэжымам Лукашэнкі, якая ў папярэднія некалькі гадоў (як мінімум — з 2014-га года, пачатку гэтай перазагрузкі) была заснаваная на ілюзіях і фармальна-бюракратычных падыходах самога Захаду. Захад не разумеў, з якім рэжымам мае справу і праводзіў у дачыненні да Менска такую вось палітыку «сонечнага цяпла».

Да лістапада ад Лукашэнкі Захад чамусьці чакаў, што пачнецца нейкі працэс унутранага прымірэння, унутранага дыялогу. Пасля быў Ryanair, потым быў крызіс з мігрантамі. Я б сказаў, што ў лістападзе 2020-га папярэдняя палітыка пачала даваць трэшчыны, а да позняй восені 2021-га яна канчаткова скончылася, бо стала зразумела, што Лукашэнка не з'яўляецца адэкватным перамоўнікам нават патэнцыйна.

Сімвалам заканчэння папярэдняй палітыкі стаў момант смерці Макея. У Захаду, нават калі б ён і хацеў весці з кімсьці перамовы, не было нікога на беларускім баку, каму можна было б хоць у нейкай ступені давяраць. Гэта інструментальны аспект (з кім і пра што казаць), а галоўны стратэгічны момант - які мы толькі што закранулі - палягае ў тым, што Лукашэнка агулам патрапіў у такую залежнасць ад Расеі, што ў яго няма поля для размену.

У заходняй палітычнай дыскусіі доўгі час прысутнічалі спасылкі, абапіраючыся на якія можна было знайсці аргумент на карысць захавання роўных, адносна неканфліктных стасункаў з беларускім рэжымам. Напрыклад, непрызнанне ўваходжання Крыма ў склад РФ, непрызнанне незалежнасці Абхазіі ці Асеціі, непрызнанне «незалежнасці» ЛНР і ДНР. А на сённяшні момант нічога гэтага ўжо няма, юрысты могуць толькі спрачацца, сустрэчы Лукашэнкі з мясцовымі лідарамі - гэта ўжо поўнае прызнанне, ці яшчэ няпоўнае. Гэта ў корані адрозніваецца ад таго, што было да 2020 года.

Перазапусціць нейкую адносна мяккую цыклічную палітыку на адрас Лукашэнкі без вызвалення палітвязняў не атрымаецца. Асобна трэба адзначыць, што нават калі б гэта адбылося, скасаваць санкцыі было б няпроста. Давялося б выставіць нейкія аргументы, чаму, уласна, чалавека, які знаходзіцца ў такой ступені залежнасці ад Расеі, трэба нейкім чынам заахвочваць, стымуляваць, верыць, што ён здольны адысці ад Расеі, калі ён не зрабіў гэтага за ўсе гэтыя гады. Таму цяпер размовы аб перазапуску такой палітыкі – гэта толькі мары, нават для тых людзей, якія гэтыя размовы схільныя былі б весці ў нейкіх іншых абставінах.

Апошнія навіны