Reuters: Іран прыстрашыў разбамбіць нафтавыя аб'екты Савудаўскай Арабіі
- 11.10.2024, 10:13
За дапамогу Ізраілю.
Іран папярэдзіў Савудаўскую Арабію і іншыя краіны Персідскай затокі, што кожная дапамога Ізраілю ў атацы на Ісламскую краіну прывядзе да ўдараў у адказ па іх нафтавых аб'ектах, распавялі Reuters высокапастаўлены іранскі чыноўнік і адзін іранскі дыпламат.
Гэтую інфармацыю пацвердзіў блізкі да каралеўскага двара Савудаўскай Арабіі аналітык Алі Шыхаба. Іранцы заявілі: "Калі краіны Персідскай затокі адкрыюць сваю паветраную прастору для Ізраіля, гэта будзе актам вайны", — сказаў ён. Паводле ягоных слоў, Тэгеран таксама папярэдзіў Эр-Рыяд, што рэакцыя можа быць і ад яго супольнікаў, напрыклад, Емена або Ірака.
Патэнцыйная атака Ізраіля на Іран была ў цэнтры ўвагі на перамовах у сераду, 9 кастрычніка, паміж фактычным кіраўніком Савудаўскай Арабіі спадчынным прынцам Махамедам бін Салманам і міністрам замежных спраў Ірана Абасам Аракчы, кажа адна з крыніц Reuters.
Пасля гэтага Савудаўская Арабія, Катар, і ААЭ апавясцілі ЗША, што не дазволяць Ізраілю карыстацца іх паветранай прасторай і вайсковай інфраструктурай для нападу на Іран.
Пры гэтым тры крыніцы Reuters у Персідскай затоцы кажуць, што Ізраіль можа нанесці ўдары па тэрыторыі Ярданіі ці Ірака, але выкарыстанне паветранай прасторы Савудаўскай Арабіі, Катара і ААЭ для гэтага «стратэгічна не патрэбныя». Як адзначаюць аналітыкі, Ізраіль можа выкарыстоўваць дазапраўку ў паветры, якая дазволіць знішчальнікам пралятаць над Чырвоным морам у Індыйскі акіян, накіравацца ў Фарсі заліў, а затым вярнуцца.
Нягледзячы на наяўнасць супрацьракетнай абароны і комплексаў Patriot, ахова ўсіх нафтавых аб'ектаў у Персідскай затоцы застаецца складанай задачай, таму асноўны падыход застаецца дыпламатычным - даць зразумець Ірану, што краіны рэгіёну «не нясуць пагрозы», кажуць крыніцы Reuters.
«Мы апынёмся ў эпіцэнтры ракетнай вайны. Існуе сур'ёзная занепакоенасць, асабліва калі Ізраіль нанясе ўдар па нафтавых аб'ектах Ірана», - сказаў адзін з суразмоўцаў агенцтва ў Персідскай затоцы.
Атака на нафтавыя аб'екты ў Савудаўскай Арабіі ці ААЭ можа прывесці да праблем з пастаўкамі нафты на сусветны рынак. Так, удар еменскіх хусітаў па нафтавых радовішчах савудаўскай Aramco ў 2019 годзе спыніў больш за 5% сусветных паставак сыравіны. У той жа час удары па нафтавай інфраструктуры Ірана могуць негатыўна адбіцца на Кітаі, які з'яўляецца найбуйнейшым спажыўцом іранскай нафты, а таксама на кандыдаце ў прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў Камале Гарыс, паколькі кошты нафты рэзка вырастуць, піша Reuters.