BE RU EN

Названыя лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру

  • 11.10.2024, 12:18

Яна адпраўляецца ў Японію.

Лаўрэатам Нобэлеўскай прэміі міру 2024 года стала японская арганізацыя Nihon Hidankyo. Гэты рух людзей, якія перажылі атамнае бамбаванне Хірасімы і Нагасакі, атрымае прэмію "за намаганні, накіраваныя на стварэнне свету, свабоднага ад ядзернай зброі, і за дэманстрацыю сведчанняў таго, што ядзерную зброю больш ніколі нельга выкарыстоўваць".

Пра гэта было аб'яўлена а 12:00 паводле мінскага часу ў Осла, сталіцы Нарвэгіі.

Узнагарода будзе ўручаная пазней у снежні 2024 года.

У Японіі ахвяры атамных бамбаванняў Хірасімы і Нагасакі вядомыя як Хібакуся (даслоўна «людзі, якія зазналі выбух»). Арганізацыя Nihon Hidankyo аб'ядноўвае гэтых людзей.

Лаўрэатаў Нобэлеўскай прэміі міру, паводле завяшчання Альфрэда Нобеля, вызначае Нарвэжскі Нобэлеўскі камітэт з пяці чалавек, якіх выбірае нарвэжскі парламент. Прэмія ўручаецца з 1901 года.

Пералік кандыдатаў ніколі не выдаецца. У гэтым годзе агенцтва Reuters прагназавала, што камітэт засяродзіцца на неабходнасці ўмацавання міжнароднага сусветнага парадку, пабудаванага пасля Другой сусветнай вайны, і яго галоўнай інстытуцыі - Арганізацыі Аб'яднаных Нацый [хоць яе эфектыўнасць рэгулярна крытыкуюць - заўв. рэд.]

Таксама аналітыкі меркавалі, што прэмію сёлета могуць не ўручыць нікому, каб падкрэсліць праблему абвастрэння войнаў на планеце. У гісторыі прэміі міру такое ўжо здаралася 19 разоў, апошні раз яе не ўручалі ў 1972 годзе.

Апошнія навіны