«Тады мы ўдарым па Пецярбургу»
- 11.10.2024, 14:22
Вайскоўцы з Польшчы і краін Балтыі папярэдзілі РФ.
Пасля вайны ва Украіне Расея можа накіраваць свой "імперыялістычны экспансіянізм" на Эстонію, Латвію, Літву і Польшчу, заявіў на канферэнцыі Defending Baltics дарадца прэзідэнта Літвы ў нацыянальнай бяспецы Кястуціс Будрыс.
З ягоных слоў, імавернасць такога сцэнару ўзрасце, калі Беларусь цалкам стане часткай так званай “саюзнай дзяржавы”, піша Bild.
“Украіна дае нам некалькі гадоў часу. Калі Расея пераможа ва Украіне, у нас будзе адна расейская дывізія ў Львове, адна ў Берасці і адна ў Гародні”, - заявіў на той жа канферэнцыі начальнік Генеральнага штаба Польшчы Раймунд Анджэйчак.
Паводле ягоных слоў, калі расейскія войскі перасякуць мяжу з Літвой, будзе "неадкладны адказ".
“Не ў першы дзень, а ў першую хвіліну. Мы ўдарым па ўсіх стратэгічных аб'ектах у радыусе 300 кіламетраў. Мы ўдарым непасрэдна па Санкт-Пецярбургу”, - заявіў Анджэйчак.
Ён упэўнены, што еўрапейскія краіны "павінны ўзяць ініцыятыву ў свае рукі" і даць Расеі зразумець, што напад на Польшчу ці краіны Балтыі будзе пачаткам татальнага супрацьстаяння. Анджэйчак мяркуе, што гэта адзіны спосаб утрымаць Крэмль ад такой агрэсіі.
З гэтай мэтай Польшча зараз закупляе 800 ракет з далёкасцю да 900 кіламетраў, якія будуць выкарыстаны ў выпадку нападу Расеі.
"Мы павінны быць у стане нанесці ўдар у адказ неадкладна самі, не чакаючы пастаноў у некаторых сталіцах NАТО аб тым, ці варта выкарыстоўваць пяты артыкул", — заявіў камандзір літоўскім войскам Раймундас Вайкшнарас.