У Менскай вобласці прайшла аблава на мігрантаў
- 11.10.2024, 17:15
Выявілі дзве групы нелегалаў.
Дзве групы мігрантаў, якія знаходзіліся ў Беларусі нелегальна, знайшлі ў Менскай вобласці падчас аперацыі «Нелегал-2024». Аперацыя праводзілася з 30 верасня да 6 кастрычніка, паведамляе УУС Менаблвыканкама.
Мігрантаў знайшлі ў двух населеных пунктах каля Менска. Усяго было 13 чалавек з Афганістана і Ірана. Іх выслалі з Беларусі.
Тым часам польскія памежнікі штодзень паведамляюць пра мігрантаў, якія спрабуюць з тэрыторыі Беларусі нелегальна перайсці мяжу. Аднак іх з Беларусі не высылаюць.
Таксама міліцыянты выявілі «368 парушэнняў правіл уезду, выезду, знаходжання і транзітнага праезду, а таксама 51 парушэнне ўстаноўленага парадку ажыццяўлення працоўнай дзейнасці».
Падчас мерапрыемстваў міліцыянты правяралі рынкавыя комплексы на тэрыторыі Менскага раёна - «Новы Лебядзіны» і «Экспабел». Яны зафіксавалі 13 выпадкаў працы замежных грамадзян з парушэннем устаноўленага парадку.