Беларусаў вярбуюць у расейскае войска праз Instagram
- 11.10.2024, 17:31
Фотафакт.
Журналіст «Флагштока» знайшоў рэкламу найму ў расейскае войска ў стужцы навін Instagram. Рэкламны допіс быў паказаны акаўнту, лакалізаванаму ў Беларусі. У абмеркаванні прысутнічаюць каментары беларусаў, што пацвярджае меркаванне, што рэклама была таргетаваная на беларускіх карыстальнікаў Instagram. Рэкламны допіс размешчаны 2 кастрычніка, але пад ім дагэтуль з'яўляюцца новыя каментары.
Паведамленне змяшчае спасылку на сайт, прысвечаны вярбоўцы на кантрактную службу ў расейскім войску. Наведвальнікам сайта прапануюць падпісаць кантракт з расейскім войскам у Смаленску. Адрасам, дзе адбываецца падпісанне кантракта, указаны будынак адміністрацыі Смаленскай вобласці.
Стаць кантрактнікам расейскага войска прапануецца не толькі расейцам, але грамадзянам іншых дзяржаў. Патэнцыйным наймітам прапануецца стымулюючыя выплаты ад урада Смаленска і мінабароны. Наяўнасць досведу вайсковай службы не абавязковая, дзейнічае толькі ўзроставае абмежаванне 65 гадоў. Вярбоўшчыкі гатовыя забяспечыць транспартам для трансферу ў Смаленск.
Старонка падрабязна расказвае аб экіпіроўцы, але не гаворыць аб тэрміне дзеяння дамовы. На практыцы такія кантракты маюць бестэрміновы характар: да заканчэння вайны, сур'ёзнага ранення ці смерці байца-найміта.
Аб удзеле ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны вярбоўшчыкі замоўчваюць, аднак не хаваюць, што плацяць за ўдзел у баявых дзеяннях.
Сайт належыць ТАА «Прамерпэй». Фірма была зарэгістраваная ў Маскве ў ліпені 2022 года. Кампанія спецыялізуецца на пошуку і наборы персаналу для іншых арганізацый.
На асноўным дамене сайта размешчаная аналагічная старонка з вярбоўкай на службу паводле кантракта ў Маскве. Тут у якасці месца падпісання кантракта ўказаны адрас размяшчэння ТАА «Прамерпэй» у Маскве. Звязацца з прадстаўнікамі кампаніі праз сайт можна толькі з выкарыстаннем расейскага нумара тэлефона.
Іншых лакацый пошуку наймітаў непасрэдна на сайце выявіць нельга. На «смаленскую» старонку карыстач можа патрапіць толькі па наўпроставай спасылцы з рэкламы.
У Беларусі вярбоўка грамадзян для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах пераследуецца законам. Згодна з артыкулам 132 КК РБ, вярбоўшчык караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.