BE RU EN

У гарадзенскім аўтобусе знайшлі залепленую скрынку з незвычайным змесцівам

  • 11.10.2024, 20:41

Фотафакт.

У Гародні падлетак 6 кастрычніка знайшоў скрынку з-пад абутку, пераматаную чорным скотчам. Хлопчык выявіў яе і знайшоў там трох кацянятаў, піша гарадзенскі блог s13. Цяпер абаронцы жывёлаў шукаюць новы дом для жывёлаў, а міліцыя шукае тых, хто іх выкінуў.

Здарэнне адбылося ў мінулую нядзелю ў гарадскім аўтобусе №21.

– Сын вяртаўся дадому і ўбачыў у аўтобусе невялікую скрынку. Яна была абматаная чорным скотчам. Адкрыў яе, а там – кацяняты, – расказала мама падлетка.

Знойдзеную скрынку з жывёламі дзіця прынесла дадому.

– Я была крыху ў шоку, – прадаўжае суразмоўніца. – Кажу яму: «А калі б гэта быў тэракт?» На што ён мне адказаў: «Мама, я ўбачыў, што там нехта варушыцца, таму і адкрыў…»

Цяпер выкінутыя жывёлы знаходзяцца ў гарадзенскай сям'і. Жанчына звярнулася да зоаабаронцаў з просьбай дапамагчы знайсці ім новы дом. Тыя, у сваю чаргу, напісалі заяву ў міліцыю, каб знайсці людзей, якія здзейснілі гэтае правапарушэнне.

– Мы мяркуем, вельмі важна спыняць падобныя злачынствы. І спадзяемся, што правапарушальнікі будуць знойдзеныя і пакараныя паводле беларускага заканадаўства, – расказалі зоаабаронцы.

Апошнія навіны