«Вось і вялізны чорны лебедзь»
- 12.10.2024, 12:47
Z-ваенкар б'е трывогу праз выступ Кадырава.
Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў абвясціў крэўную помсту сенатару і мільярдэру Сулейману Керымаву і двум дэпутатам Дзярждумы. Z-ваенкар Максім Калашнікаў назваў тое, што адбываецца, «чорным лебедзем» і прагназуе краіне востры крызіс.
З такой заявай ён выступіў у сваім блогу на YouTube, паведамляе «Диалог».
Калашнікаў упэўнены, што тое, што адбываецца - гэта вынік правалу вайны супраць Украіны.
«Вось і вялізны чорны лебедзь выпырхнуў. Нават не лебедзь, а цмок... Мне ўжо з фронту напісалі: «Калашнікаў, мы ж табе казалі, што гэтае «СВА» будзе сканчацца недзе на Паўночным Каўказе. Вось табе і пацвярджэнне». Ужо не чорны лебедзь, а чорная пачвара ўзмахнула сваімі пякельнымі крыламі. Гэта выклік дзяржаўнай сістэме кіравання! (...)
У Вашынгтоне зараз задаволена хмыкаюць. А ў Кіеве, дзе чакаюць распаду РФ, узгарання Паўночнага Каўказа, пляскаюць коркамі ад шампанскага. Калі ты правальваеш вокамгненную перамогу, усё пераходзіць у зацяжную вайну, ты атрымаеш эфект распаду стабільнасці. Усе невылечныя раны, хваробы, якія замяталіся пад дыван, лезуць вонкі. Пад пытанне пастаўленая дзеяздольнасць цэнтральнай улады… Гэтыя падзеі сышліся ў адным пункце вельмі няпростай небяспечнай вайны, калі ўсе войскі задзейнічаныя на фронце, калі межы ледзь прыкрытыя, калі вораг ужо ў Курскай вобласці, калі мы стаім перад неабходнасцю (хоць вельмі імкнёмся пазбегнуць) новай хвалі мабілізацыі. І гэта ўжо небяспечна сур'ёзным крызісам», – заявіў устрывожаны Z-ваенкар.
Ён запатрабаваў тэрміновай жорсткай рэакцыі з боку дыктатара Пуціна.
«Мяч на баку кіраўніка дзяржавы…Не рэагаваць і рабіць выгляд, што нічога не здарылася, ужо проста немагчыма…Калі не развязаць праблему, аўтарытэт дзяржаўнай улады РФ пацярпіць не толькі ўнутры краіны, але і на міжнароднай арэне, там не сляпыя сядзяць…Вельмі небяспечны абарот усё набірае. Баюся, гэта не адзіны чорны лебедзь - прыйшла бяда, адчыняй браму. У мяне ёсць не вельмі добрае прадчуванне», - паскардзіўся Калашнікаў.