Вядомая ўкраінская спявачка расказала аб паездцы ў Курскую вобласць
- 12.10.2024, 12:20
Яна расказала, што яе ўразіла ў горадзе Суджы.
Народная артыстка Украіны Аксана Білазір падзялілася ўражаннямі ад паездкі ў Курскую вобласць, куды яна ездзіла ў верасні гэтага года. Выканаўца адказала, што больш за ўсё яе ўразіла ў горадзе Суджы, піша unian.net.
Спявачка перакананая, што ў час вайны дзеячы культуры абавязаныя падтрымліваць украінскіх абаронцаў і іх баявы дух. Таму яна і наважылася паехаць на тэрыторыю РФ. У расповедзе аб паездцы Білазір падзялілася, што многія гарады і вёскі Куршчыны застаюцца бязлюднымі.
«Прадуктовыя крамы ўсе разабраныя, але іншыя тавары агульнага спажывання захаваныя. Мяне вельмі моцна ўразіла, калі мы зайшлі ў храмы, дзе бачыш шмат абразоў, якія ўпалі, разбітыя, усё засыпана тынкоўкай, шклом. Мы падыходзім да століка, дзе стаяць свечкі, там ёсць процьма грошай, і там грыўны. Мяне гэта да слёз уразіла. Гэта разбураная царква, прыходзіць наш баец, які хоча памаліцца, папрасіць абароны для сябе, напрыклад, ці падзякаваць Богу за тое, што ён жывы. Ён бярэ тую свечку, якая яму трэба, і ён плаціць у разбураным храме за гэта грошы», - узгадала артыстка.
Таксама Аксана расказала, што ёй нават удалося пагутарыць з мясцовымі жыхарамі на агульныя тэмы. Больш за тое, яны, як кажа спявачка, спрабавалі размаўляць на ўкраінскай з ёй. У той жа час людзей на Куршчыне засталося вельмі мала, а большасць дамоў закрытыя. Яна дадала, што ніхто іх не рабуе, а па вуліцах ходзіць шмат жывёлін, якіх выпусцілі, каб яны змаглі знайсці сабе ежу.
«Пустая, бязлюдная тэрыторыя, дзе ідуць вельмі сур'ёзныя баі. Там фактычна кожныя некалькі хвілін былі прылёты... Неяк Бог захаваў, адкрыў дарогу, і мы падзякавалі Богу, калі вярталіся назад, за тое, што ён нас дабраславіў і мы добра выехалі адтуль», - падзялілася Білазір.