Названы самы зялёны горад Беларусі
- 12.10.2024, 12:37
І гэта не Менск.
У беларускіх гарадах становіцца больш зеляніны, сцвярджае першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут. На прэс-канферэнцыі ён прывёў рэйтынг узроўню «азелянення» абласных цэнтраў — на першым месцы Віцебск, а Менск у канцы, але вышэй за Гародню.
Са слоў Корбута, за апошнія тры гады ўзровень азелянення населеных пунктаў у Беларусі расце. Рэйтынг у гэтым паказчыку такі:
Віцебск - 49,1%.
Берасце - 45,7%.
Магілёў - 44,3%.
Гомель - 42,5%.
Менск - 42,1%.
Гародня - 41,8%.
Калі разглядаць раёны Менска, то ўзровень азелянення Партызанскага раёна складае больш за 69%, а Кастрычніцкага - усяго 24,2%.
Працягваецца і актыўнае азеляненне ля трас. Так, уздоўж рэспубліканскіх аўтамабільных дарог за гэты год высадзілі амаль 14 тысяч дрэў і 35 тысяч кустоў, а ўздоўж мясцовых - блізу чатырох тысяч дрэў і дзвюх тысяч кустоў, паведамілі ў Мінпрыроды.